2013-09-09 12:13:39

Францішак: крыніца надзеі хрысціяніна не ў аптымізме, а Хрысце


RealAudioMP3 Цноту надзеі, якая дапаўняе цноты веры і любові, ніколі не трэба блытаць з чалавечым аптымізмам, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св.Марты 9 верасня. Паводле Пантыфіка, для хрысціяніна надзея – гэта сам Езус Хрыстус і Яго сіла вызваляць і аднаўляць кожнае жыццё. Ён заўважыў, што надзея з'яўляецца пакорлівай цнотай", калі параўнаць яе з верай і любоўю. З-за гэтага можна яе пераблытаць з аптымізмам. “Надзея – гэта нешта іншае, што не з'яўляецца аптымізмам. Надзея – гэта дар, падарунак Святога Духа і таму св.Павел скажа, што яна “ніколі не расчароўвае. Чаму? Таму, што гэта дар, які нам даў Дух Святы. Але Павел кажа, што надзея мае імя. Надзея – гэта Езус. Мы не можам казаць: “Я маю надзею ў жыцці, маю надзею ў Богу”, не: калі ты не сказаў: “Мая надзея ў Езусе, у Езусе Хрысце, жывой Асобе, якая цяпер прыходзіць да нас у Эўхарыстыі, які прысутны ў сваім Слове”, - гэта не ёсць надзея. Гэта сведчыць аб маім добрым настроі і аптымізме”, - сказаў Папа.

Святы Айцец затым нагадаў эпізод, калі Езус у суботу аздаравіў паралізаваную руку аднаго чалавека, чым выклікаў абурэнне кніжнікаў і фарысеяў. Сваім цудам , падкрэсліў Папа, Езус аздараўдяе руку ад хваробы і дэманструе “строгім” кніжнікам і фарысеям, што іх паводзіны “не з’яўляюцца шляхам да свабоды”. “Свабода і надзея ідуць рука аб руку: дзе няма надзеі, не можа быць свабоды”, - сказаў Францішак.

“Езус, надзея, усё абнаўляе. Здзяйсняе пастаянныя цуды. Не толькі цуды аздараўлення, але шмат іншых: гэта былі толькі знакі, знакі таго, што Ён робіць зараз у Касцёле. Цуды, якія усё пераўтвараюць: тыя, што здзяйсняе ў тваім жыцці, нашым жыцці. Тое, што Ён здзяйсняе, з’яўляецца прычынай нашай радасці. Хрыстус, які абнаўляе ўсе найбольшл цудоўныя рэчы Творцы, з’яўляецца прычынай нашай надзеі. І гэта надзея не расчароўвае, таму што Ён – верны. Ён не можа запярэчыць сябе самому. Гэта цнота надзеі”, - адзначыў Папа.

Францішак звярнуў увагу на пытанне пакліканняў у Касцёле. “Крышку сумна – адзначыў Пантыфік– калі вернік сустракае святара без надзеі”: затое вельмі прыемна бачыць такога святара, які “набліжаецца да канца свайго жыцця “не з аптымізмам, але з надзеяй”. “Гэты святар адданы поўнасцю Езусу Хрысту, і Божы народ мае патрэбу у тым, каб мы, святары, давалі яму гэты знак надзеі”, - сказаў на заканчэнне Францішак.

Я. Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.