2013-09-08 10:14:46

Францішак: мы павінны станавіцца людзьмі прымірэння і супакою


RealAudioMP3 “Ніколі больш вайны!” – заклікаў Францішак веруючых і няверуючых людзей, якія прыйшлі вечарам 7 верасня на плошчу св. Пятра, каб прыняць удзел у Дні посту і малітвы ў інтэнцыі міра ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ўсім свеце. “Вайна – сказаў Папа – ніколі не была шляхам, які вёў да міру”. Свет, якога мы жадаем, гэта свет згоды і міру, так як Бог яго стварыў, - нагадаў Святы Айцец і дадаў, што на жаль, сёння ў ім надалей існуе насілле, падзелы, супрацьстаянні і войны, а гэта таму, што чалавек замыкаецца ў сваім эгаізме.

“Калі чалавек думае толькі пра сябе, свае інтарэчы і ставіць сябе ў цэнтры, калі захапляецца ідаламі і ўладай, калі ставіць сябе на месцы Бога – тады разбурае ўсе адносіны, нішчыць усё і адкрывае дзверы для гвалту, падзелаў і канфліктаў”, - сказаў Пантыфік. Папа адзначыў, што калі чалавек “разбурае гармонію з Стварыцелем, падымае руку супраць брата, каб забіць яго, тады брат, якога мы павінны ахоўваць і любіць” становіцца ворагам, з якім трэба змагацца”. Паводле Святога Айца таксама і сёння мы працягваем гэты шлях вайны і наша стаўленне да яе не змянілася. “Колькі ж насілля нараджаецца з-за гэтага, колькі ж канфліктаў і войнаў пазначылі нашу гісторыю. Дастаткова паглядзець на пакуты столькі ж нашых братоў і сясцёр”, - сказаў Пантыфік.

“Мы ўдасканалілі нашу зброю, нашы сумленні заснулі, свае правы мы зрабілі тонкімі, каб апраўдываць сябе. Быццам бы стала нармальнай рэччу тое, што мы надалей працягваем сеяць знішчэнні, боль і смерць. Насілле і вайна прыносяць толькі смерць, гавораць пра смерць. Насілле і вайна маюць мову смерці”, - сказаў Папа.

Святы Айцец выказаў перакананне, што існуе альтэрнатыва для гэтай спіралі болю і смерці, і што магчыма пайсці іншым шляхам, шляхам міру. Ён заклікаў, каб кожны з нас, таксама і кіраўнікі дзяржаў пайшлі гэтым шляхам і ўсе глянулі на Крыж Хрыста, бо ў цішыні Крыжа маўчыць гук зброі і прамаўляе мова прымірэння, прабачэння, дыялогу і міру.

“Я хацеў бы сёння вечарам прасіць Бога, каб мы хрысціяне, браты іншых рэлігій, людзі добрай волі моцна закрычалі: насілле і вайна ніколі не з’яўляюцца шляхам да міру. Няхай кожны гляне ў глыбіню свайго сумлення і паслухае словы, якія кажуць: выйдзі за межы сваіх інтарэсаў, якія выклікаюць толькі закрыццё твайго сэрца, пераадолей абыякавасць да іншага чалавека (...) адкрыйся на дыялог, на прымірэнне: глянь на болі брата твайго, і больш не прычыняй болю яму (...) няхай спыніцца гук зброі. Вайна ніколі не з’яўлялася шляхам да міру, заўсёды была паразай чалавецтва”, - сказаў Папа.

Святы Айцец свае разважанні завяршыў наступнымі словамі: “Прабачэнне, дыялог і прымірэнне з’яўляюцца словамі міру: у любімым сірыйскім народзе, на Блізкім Усходзе і ўсім свеце. Памолімся за прымірэнне і мір. Будзем працаваць на карысць прымірэння і міру і будзьма людзьмі прымірэння і міру ў кожным асяроддзі”.

Пасля прамовы Папы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнта. Падчас адарацыі пяць пар з Сірыі, Егіпта, Святой Зямлі, ЗША і Расіі прыняслі на алтар ладан. У рамках адарацыі адбылася малітва нешпараў, а на яе заканчэнне малітва ў цішыні, якая завяршылася благаславеннем Святога Айца.

Я. Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.