2013-09-07 13:24:41

Італія: беатыфікацыя Марыі Баланезі


RealAudioMP3 Італьянская містычка Марыя Баланезі, якая жыла пад канец мінулага стагоддзя, 7 верасня была паднесена да хвалы алтароў. Беатыфікацыйная св. Імша адбылася ў Равіга, горадзе паўночна-ўсходняй Італіі. Літургію ўзначаліў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Марыя Баланезі нарадзілася ў 1924 г. і большую частку свайго жыцця пражыла ў пакутах і хваробах, якія яна пераносіла з вялікай мужнасцю і адданасцю Божай волі. Дзяўчынай яна перажыла шмат спакусаў д’ябла. Дзякуючы малітвам святара і мясцовага біскупа яе апантаннасць паступова слабела. 1-га красавіка 1942 г. Марыя першы раз убачыла ў сне Пана. Доказам гэтаму былі тры пярсцёнкі, якія атрымала ад Хрыстуса. Першы з іх змяшчаў пяць рубінаў, на знак Яго пяці ранаў. Пазней Езус падараваў ёй яшчэ больш каштоўны, з надпісам: “Ecce Homo” (Вось чалавек) і затым самы каштоўны- залаты. Падчас гэтых візій Марыя Баланезі шмат цярпела і свае пакуты ахвяроўвала Езусу, асабліва за патрабуючых. Са згоды свайго духоўнага кіраўніка, яна запісала ў сшытку свае містычныя дасведчанні – выйшла больш за 2 тыс. старонак.

Нягледзячы на цяжкі стан здароў’я, яна шмат увагі прысвячала хворым. Памерла 30 студзеня 1980 г. у Равіга. “Марыя з’яўляецца знакам прысутнасці Бога ў пакорлівых душах. Нават калі містычныя дары, якія ўзбагацілі яе адносіны з Богам, далёкія ад нашага вопыту; яе любоў да патрабуючых, хворых і яе ўдзел у пакутах іншых – з’яўляюцца для нас прыкладам і доказам яе блізкасці да Пана і дазваляюць нам прасіць яе заступніцтва за нас перад Богам”, - напісаў пастулатар беатыфікацыйнага працэсу, кс. Ціта Сарторы.

Я. Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.