2013-09-07 13:43:54

Францішак: у цэнтры жыцця хрысціяніна павінен быць заўсёды Езус


RealAudioMP3 Хрысціянін ніколі не павінен забываць, што цэнтрам яго жыцця з’яўляецца Езус Хрыстус, - сказаў папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 7 верасня. Пантыфік падкрэсліў, што мы павінны пераадольваць спакусы быць “хрысціянамі без Езуса” ці “хрысціянамі, якія шукаюць толькі пабожнасці, але Езус у ёй не існуе”. Святы Айцец засяродзіў сваю гамілію на цэнтральнай ролі Езуса ў жыцці хрысціяніна. Ён з’яўляецца адзіным цэнтрам нашага жыцця і Панам, які нас нараджае і ўвесь час нанава стварае. Святы Айцец нагадаў, што фарысеі, аб якіх гаворыць сённяшняе Евангелле, мелі ў “цэнтры сваёй рэлігіі шмат запаведзяў. “Таксама сёння, калі Езус не будзе ў цэнтры нашага жыцця, то яго зоймуць іншыя рэчы. Таму мы сустракаем шматлікіх хрысціян, якія не жывуць Хрыстом, а жывуць без Езуса”, - сказаў Папа. Паводле Пантыфіка існуюць таксама і такія хрысціяне, якія жывуць не толькі без Хрыста, але ў сваім жыцці шукаюць толькі рытуалу пабожнасці, але Езус для іх не існуе. Ёсць таксама іншая група хрысціян, якая шукае сенсацый і прыватных аб’яўленняў, хаця Аб’яўленне завершылася з Новым Запаветам. Папа папярэдзіў, што такія хрысціяне жадаюць толькі “відовішчаў і навізны і каб іх заўважылі, а трэба адно - звярнуцца да Евангелля.

“Але якой рэгулай кіравацца, каб быць хрысціянінам з Хрыстом, а не каб стаць хрысціянінам без Хрыста? Які знак таго, што чалавек ёсць хрысціянінам з Хрыстом? Правіла простае: важна толькі тое, што вядзе цябе да Езуса, і важна толькі тое, што прыносіць Езус. Езус з’яўляецца цэнтрам, Панам, як кажа ён сам. Гэта прыводзіць цябе да Езуса? Ідзі наперад. Гэтая запаведзь, гэтае стаўленне зыходзіць ад Езуса? Смела ідзі ўперад. Але калі не вядзе цябе да Езуса, і не прыходзіць ад Езуса ... гэта крышку небяспечна”, - сказаў Папа.

Папа падкрэсліў, што знак таму, што хрысціянін жыве з Езусам, даў нам чалавек, сляпы ад нараджэння, які стаў на калені перад Езусам, каб пакланіцца Яму. Паводле Пантыфіка, калі чалавеку не ўдаецца ўшаноўваць Езуса, яму нешта не хапае. "Чалавек ёсць добрым хрысцінінам, знаходзіцца на шляху добрага хрысціяніна, калі выконвае тое, што прыходзіць ад Езуса і робіць тое, што вядзе яго да Езуса, таму што Ён з’яўляецца цэнтрам”, - сказаў на заканчэнне Папа.

Я. Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.