2013-09-06 11:47:34

Францішак: хрысціянін павінен быць радасным, нібыта ідзе на вяселле


RealAudioMP3 Хрысціянін павінен быць такім радасным, нібыта ідзе на вяселле, сцвердзіў папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 6 верасня. У сваёй гаміліі Пантыфік падкрэсліў, што жаданне пакласці навіну Евангелля ў старыя мяхі – гэта спакуса з якой трэба змагацца, а таксама нагадаў, што сакрамэнт сужэнства – гэта вобраз саюза паміж Хрыстом і Касцёлам. Разважаючы над тэкстам Евангелля, які прагучаў падчас літургіі, Папа адзначыў, што на старонках Святога Пісання Езус часта прадстаўлецца ў вобразе жаніха. “Я думаю, што менавіта ў гэтым самая глыбокая прычына таго, чаму Касцёл так ахоўвае сакрамэнт сужэнства і называе яго “Вялікім сакрамэнтам” – таму што менавіта ён з’яўляецца вобразам адзінства паміж Хрыстом і Касцёлам”, - сказаў Францішак. Ён адзначыў, што хрысціяне павінны жыць гэтым адзінствам, вяселлем, на якім трэба быць радасным.

“Канешне, – дадаў Папа – бываюць па-сапраўднаму крыжовыя моманты, моманты болю, але заўсёды ёсць глыбокі, радасны супакой, таму што хрысціянскае жыццё пражываецца як свята, як вяселле Езуса з Касцёлам”. Пантыфік нагадаў пра прыклад некаторых першых мучанікаў, якія ішлі на смерць як на вяселле і нават у самы страшны момант мелі “радаснае сэрца”.

Паводле Святога Айца, Евангелле кажа, што на вяселле пакліканы ўсе: і добрыя і благія. Але, як ў прыпавесці пра вяселле сына караля, апошні глядзіць – хто з гасцей не апрануў вясельнага адзення. На думку Пантыфіка, гэта азначае, што неабходна паставіць жаніха, якім з’яўляецца Езус, у цэнтр уласнага жыцця. “Пан кажа нам, што нельга мець двух гаспадароў: служыць Богу ці свету”, - адзначыў Францішак.

Папа падкрэсліў, што хрысціянін заўсёды сустракаецца са спакусай пакласці навіну Евангелля “у старыя мяхі”. Паводле Францішка – гэта грэх. “У старых мяхах не магчыма насіць новае віно. У гэтым навізна Евангелля”, - сказаў ён і адзначыў, што Езус патрабуе ад нас поўнай адданасці. “А калі маем нешта, што не ад Яго – трэба пакаяцца, папрасіць прабачэння і ісці наперад”, - заклікаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.