2013-09-05 12:26:19

Папа да кармелітаў: быць вернымі Хрысту, маліцца і евангелізаваць


RealAudioMP3 Вернасць Хрысту, малітва і місія – захаванне гэтых трох элементаў вядзе членаў кармелітанскага ордэна да поўнай рэалізацыі іх паклікання і дапамагае пры ўзыходзе на “гару дасканаласці”. Такую параду папа Францішак даў у пасланні, скіраваным на імя прыёра Ордэна Братоў Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармель а. Фернанда Мілана Ромэраля. Пантыфік звярнуўся да яго з нагоды Генеральнага капітула манаскай супольнасці, які 2-21 верасня праходзіць у Рыме. Паводле Папы, у сучасным свеце, які часта закрывае вочы на Хрыста заданнем законнікаў з’яўляецца ўсё большае яднанне з Ім. “У гэтым працяглае пакліканне ісці за Хрыстом і быць падобнымі на Яго. Яно мае жыццёвую важнасць у нашым дызарыентаваным свеце”, - напісаў Святы Айцец.

Таксама Францішак нагадаў пра важнасць малітвы ў жыцці членаў ордэна. “Святыя кармеліты былі вялікімі прапаведнікамі і настаўнікамі малітвы. Гэта тое, што яшчэ патрабуецца ад Кармеля ў ХХІ ст. (...) У гэтым сэрца вашага сведчання: кантэмплятыўнае вымярэнне ордэна, якім трэба жыць, якое трэба ўмацоўваць і перадаваць. Хачу каб кожны з вас спытаў сябе: наколькі маё жыццё кантэмплятыўнае?”, - сказаў Папа і сцвердзіў: “Кармеліт без кантэмлятыўнага жыцця – гэта нежывое цела”.

Папа запрасіў законнікаў трымацца далей ад духа гэтага свету, які з’яўляецца ворагам малітвы. “Я заклікаю вас да больш сціплага і пакаяннага жыцця, паводле вашай самай сапраўднай традыцыі, жыцця далёкага ад марнасці і крытэрыяў свету”, - напісаў ён.

Паводле Святога Айца, місія кармелітаў не адрозніваецца ад місіі Езуса. Ён нагадаў, што сёння евангельскае пасланне часта не проста не прымаецца, але нават гвалтоўна адкідаецца. Але перад абліччам гэтых выклікаў нельга забываць, што Той, хто кліча на місію дае таксама адвагу і сілу для яе выканання. Францішак нагадаў, што на працягу гісторыі, малітоўная традыцыя кармелітанскага ордэна ўмацоўвала многіх яго членаў перад абліччам цяжкасцяў і нават смерці. “Я хачу спытаць зараз: сёння, сярод вас ёсць тыя, хто жыве гэтым запалам, адвагай гэтых святых?”, - звярнуўся да законнікаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.