2013-09-05 15:41:41

Кс. Ламбардзі расказаў пра асаблівасці правядзення чування ў інтэнцыі міра


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі падзяліўся з журналістамі падрабязнасцямі правядзення сустрэчы ў рамках Дня малітвы і посту ў інтэнцыі міра ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ўсім свеце. Мерапрыемства пройдзе на плошчы св. Пятра ў Рыме 7 верасня. Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што дзень малітвы і посту будзе насіць таксама пакаянны характар – на ватыканскай плошчы будуць устаноўлены каля 50 канфесіяналаў у якіх можна будзе прыступіць да сакрамэнту споведзі. Каля 18.30, перад пачаткам малітоўнага чування будзе прачытаны тэкст звароту Святога Айца ў сувязі з абвяшчэннем Дня малітвы і посту ў інтэнцыі міра, затым, пасля гімну “Veni Creator Spiritus”, ва ўрачыстай працэсіі на плошчу будзе ўзнесены абраз Марыі Апякункі Рымскага Народу. Адбудзецца ружанцоўвая малітва з біблійнымі каментарамі і разважаннямі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. На заканчэнне кожнай таямніцы вернікі будуць маліцца словамі “Валадарка Супакою, маліся за нас”.

Пасля заканчэння першай, марыйнай частцы вігіліі, прагучыць разважанне Святога Айца і адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнта. Падчас адарацыі пяць пар з Сірыі, Егіпта, Святой Зямлі, ЗША і Расіі прынясуць на алтар ладан. У рамках адарацыі адбудзецца малітва нешпараў, а на яе заканчэнне прадугледжана малітва ў цішыні, якая будзе працягвацца каля 30 хвілін. Агульная працягласць чування – каля 4 гадзін. На працягу ўсяго гэтага часу Папа будзе знаходзіцца разам з вернікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.