2013-09-04 11:56:29

Парады сем’ям на Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міра


RealAudioMP3 Маліцца і размаўляць у сямейным асяродзі аб патрэбе міру. З такім заклікам звярнулася да вернікаў Папская рада па справах сям’і. У спецыяльным паведамленні апублікаваным 4 верасня ватыканская дыкастэрыя дала канкрэтныя парады адносна таго, як у коле самых блізкіх людзей, правесці дзень посту і малітвы за мір у Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце, абвешчаны Пантыфікам на 7 верасня. “Дарагія бацькі, не бойцеся прапанаваць вашым дзецям сціплы і мінімальны абед; гэта стане нагодай, каб расказаць ім пра тое, што адбываецца ў свеце і аб жудасных фактах, якія не могуць пакінуць абыякавымі”, - адзначаецца ў звароце.

“Не забывайце запрасіць бабуль і дзядуць на гэты абед, на якім будзе мала ежы, але шмат словаў; калі нехта з іх перажыў досвед вайны, няхай раскажа, што значыць жыць пад бомбамі і ў неўпэўненасці ў заўтрашнім дні і які сэнс мела іх малітва ў гэтыя дні”, - заклікае Папская рада.

У пасланні ўтрымліваецца таксама зварот да дзяцей і моладзі, каб не скардзіліся на тое, што ў суботу на іх сталах не будзе шмат страваў, але дзякавалі за тое, што бацькі даюць ім і прасілі расказаць пра прычыны таго, чаму варта працягваць жыць на гэтай зямлі часта пазначанай жалобамі і насіллем.

“Разам за стол, маліцеся! За сем’і Сірыі, за дзяцей, якія паміраюць кожны дзень з прычыны нянавісці і голаду, за кіраўнікоў пакліканых знайсці мірнае, а не гвалтоўнае рашэнне”, - гаворыцца ў пасланні. Адзначаецца, што да посту і разважання варта далучыць чытанне Святога Пісання, малітву на ружанцы ці іншыя малітвы і спевы. “Няхай кожная сям’я выбярэ найбольш знаёмы ёй спосаб для заступніцтва ці каб стаць паміж тямніцай зла, якая азначае нашу гісторыю і Богам супакою, які аздараўляе і збаўляе”, - гаворыцца ў звароце Папскай рады па справах сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.