2013-09-04 11:05:39

Моладзь паяднаная з Езусам – сіла здольная перамяніць свет


RealAudioMP3 Гасціннасць, свята, місія – гэтым словамі папа Францішак ахарактарызаваў Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Падчас першай, пасля перыяду летняга адпачынку, агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 4 верасня на плошчы св. Пятра, Святы Айцец падзяліўся сваімі ўражаннямі ад гэтага мерапрыемства. “Мінуў ужо больш чым месяц, але я лічу, што важна вярнуцца да гэтай падзеі, а часовая дыстанцыя дазволіць лепш зразумець яе значэнне”, - сказаў Францішак. У першую чаргу Папа высока ацаніў “гасціннасць бразільскіх сем’яў і парафій, якая стала адной з самых прыгожых характарыстык гэтых Сусветных дзён моладзі”. “Добрыя людзі гэтыя бразільцы! Яны па-сапраўднаму маюць вялікае сэрца. Пілігрымка заўсёды прыносіць цяжкасці, але гасціннасць дапамагае паремагчы іх і нават больш за тое, перамяняе іх у нагоды для знаёмства і сяброўства. Нараджаюцца сувязі, якія затым застаюцца, асабліва ў малітве. Таксама і такім чынам Касцёл пашыраецца ва ўсім свеце, як сетка сапраўдных сяброўстваў у Езусе Хрысце, сетка, якая цябе ахоплівае адначасова вызваляючы. Такім чынам, гасціннасць, - гэта першае слова якое ўзнікае пасля досведу падарожжа ў Бразілію”, - сказаў Пантыфік.

Іншай характарыстыкай форума, паводле Святога Айца, з’яўляецца “свята”. “Сусветныя дні моладзі гэта заўсёды свята, таму што калі горад напаўняецца юнакамі і дзяўчатамі, якія ходзяць па вуліцах са сцягамі з усяго свету, вітаючы адно аднаго, абдымаючыся – гэта сапраўднае свята”, - сказаў Пантыфік.

“Але таксама ёсць яшчэ большае свята – свята веры, калі разам праслаўляюць Пана, спяваюць, слухаюць Слова Божае, прыбываюць у цішыні адарацыі: усё гэта – кульмінацыя Сусветных дзён моладзі, сапраўдная мэта гэтай вялікай пілігрымкі, якая асаблівым чынам перажываецца падчас вялікай Вігіліі вечарам у суботу і падчас апошняй св. Імшы. Вось, гэта вялікае свята, свята веры і братэрства, якое пачынаецца ў гэтым свеце і не мае канца. Але яно магчыма толькі з Панам! Без любові Божай няма сапраўднага свята для чалавека!”, - падкрэсліў Францішак.

Апошняй характарыстыкай моладзевага форума Папа назваў “місію”. Ён нагажаў, што тэмай сёлетніх Сусветных дзён моладзі быў місійны заклік Хрыста: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”.

“Гэта заданне Уваскросклага Хрыста вучням: “Ідзіце”, выходзьце па-за саміх сябе, з кожнай закрытасці, каб несці святло і любоў Евангелля усім, аж да самых крайніх перыферый існавання! Менавіта гэта заданне Езус даверыў моладзі, якая да гарызонта напоўніла узбярэжжа Капакабана. Гэта сімвалічнае месца, узбярэжжа акіяна, якое нагадвала пра бераг Галілейскага возера”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў моладзь памятаць, што Езус адпраўляючы вучняў на місію паабяцаваў: “Я буду з вамі ва ўсе дні...”. “Нават юнак, дзяўчына, якая ў вачах свету не вартая нічога, у вачах Бога з’яўляецца апосталам Валадарства, надзеяй Бога!”, - сказаў Святы Айцец.

“Падумаем якое значэнне мае гэта вялікая колькасць маладых людзей, якія сустрэлі Уваскросклага Хрыста ў Рыа-дэ-Жанейра і нясуць яго любоў у штодзённае жыццё, жывуць ёй і перадаюць. Яны не з’яўляюцца ў газетах, таму што не здзейсняюць гвалтоўных актаў, не ствараюць скандалаў і такім чынам не робяць навінаў. Але калі застаюцца паяднанымі з Езусам – будуюць Яго Валадарства, братэрства, дзяленне, справы міласэрнасці, з’яўляюцца моцнай сілай, якая робіць свет больш справядлівым, прыгожым, каб перамяніць яго!”, - адзначыў Папа.

Францішак пажадаў, каб гасціннасць, свята і місія – галоўныя характарыстыкі Сусветных дзён моладзі былі “не проста успамінам аб тым, што адбылося ў Рыа, але сталі душой нашага жыцця і нашых супольнасцяў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.