2013-09-03 11:22:16

Францішак: дзе Езус, там заўсёды сціпласць, пакора, любоў і крыж


RealAudioMP3 “Там дзе Езус – заўсёды ёсць сціпласць, пакора і любоў”, - адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 3 верасня. У сваёй гаміліі Пантыфік засяродзіўся на розніцы паміж “спакойным святлом” Езуса, якое прамаўляе ў нашым сэрцы і святлом свету, якое з’яўляецца “штучным” і робіць нас пыхлівымі і ганарлівымі. Паводле Папы – “ідэнтычнасць хрысціяніна – гэта ідэнтычнасць святла, а не цемры”. Пантыфік нагадаў словы апостала Паўла скіраваныя да першых вучняў Хрыста: “Вы браты, не ў цемры (...) бо усе вы дзеці святла”. Францішак звярнуў увагу на тое, сёння многія думаюць аб магчымасці здабыць святло дзякуючы навуцы і ці іншым чалавечым рэчам. “Можна ведаць усё, можна мець веды аб усім і гэта святло рэчаў. Але святло Езуса іншае. Гэта не святло няведання, не! Гэта святло мудрасці і разважлівасці, але адрознае ад святла гэтага свету. Святло, якое нам дае свет – штучнае, магчыма яно моцнае – больш моцнае за святло Хрыста; моцнае як штучнае полымя, як успышка ад фотаапарата. Аднак, святло Езуса – гэта святло ціхае, спакойнае, гэта святло міра, як святло ночы Божага Нараджэння: непатрабавальнае”, - адзначыў Папа.

Паводле Святога Айца, святло Езуса нясе спакой. Яно “не робіць шоў”, але “прыходзіць у сэрца”. Пантыфік папярэдзіў, што часта і сатана выкарыстоўвае метады Езуса – робіць выгляд, што чыніць дабро, прамаўляе да нас спакойна, як звяртаўся да Езуса ў пустыні. Менавіта, каб адрозніваць святло Езуса ад сатаны, перапранутага ў светлага анёла, мы павінны прасіць аб дары мудрасці.

“Колькі людзей думаюць, што жывуць у святле, але знаходзяцца ў цемры і не разумеюць гэтага. Якое яно – святло, што дае Езус? Святло Езуса мы можам распазнаць, таму што яна пакорнае, гэта не святло, якое навязваецца: яно пакорнае. Гэта святло ціхае, з сілай цішыні. Гэта святло, якое прамаўляе ў сэрцы і якое табе дае крыж. Калі мы, у нашым унутраным святле, з’яўляемся ціхімі людзьмі, тады пачуем голас Езуса ў сэрцы і будзем без страху глядзець на крыж: гэта і ёсць святло Езуса”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што калі прыходзіць святло, якое “робіць пыхлівымі”, “якое вядзе да сузірання іншых з вышыні” – яно не ад Езуса: гэта святло сатаны, “пераапранутага ў Езуса, анёла святла”. Паводле Папы, “заўсёды там дзе ёсць Езус – ёсць пакора, сціпласць, любоў і крыж”. Святы Айцец заклікаў у малітве прасіць у Бога аб ласцы неабходнай, каб адрозніваць святло Хрыста ад святла штучнага – святла, якое паходзіць ад сатаны.








All the contents on this site are copyrighted ©.