2013-09-03 12:18:31

Папа атрымае ў дар кнігу з малюнкамі і лістамі ад дзяцей Еўропы


RealAudioMP3 Папа Францішак атрымае кнігу з малюнкамі і лістамі ад дзяцей з “перыферый” розных еўрапейскіх краін. Напрыканцы агульнай аўдыенцыі 4 верасня спецыяльны падарунак Святому Айцу перададуць члены дэлегацыі Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE), якія прыбудуць у Рым. У складзе дэлегацыі будзе чатыры чалавека: харвацкі арцыбіскуп Дакава-Осіек Дуро Граніч, які адначасова з’яўляецца старшынёй камісіі “Катэхізацыя, школа, універсітэт” Рады еўрапейскіх епіскапатаў, кс. Мішэль Рэмеры, Генеральны віцэ-сакратар гэтай арганізацыі і аддзінаццацігадовы малдаўскі хлопец Васіль, які выступіць у якасці “пасла дзяцей” і прыбудзе ў суправаджэнні біскупа Кішынёўскага Антона Косы.

Паводле ініцыятараў стварэння кнігі з дзіцячымі малюнкамі і лістамі Пантыфіку, ідэя гэтага праекта ўзнікла адразу пасля абрання апошняга на Пасад св. Пятра з мэтай расказаць Святому Айцу пра “радасці і надзеі, сум і трывогі сучасных людзей” Старога Кантынента. У кнізе сабраны малюнкі і лісты ад дзяцей з 42 краін Еўропы. Самаму малодшаму “аўтару” – 5 гадоў, а старэйшаму – 11. “Гэта анталогія перыферый прысутных у Еўропе. Кароткая прэзентацыя, якая суправаджаецца малюнкам ці тэкстам падрыхтаваным дзецьмі, паказвае, што многія з іх жывуць на перыферыях гарадоў і нагадвае нам пра заклік папы Францішка ісці на перыферыі існавання чалавецтва, каб абвяшчаць радасць і надзею Евангелля”, - гаворыцца на сайце Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы.








All the contents on this site are copyrighted ©.