2013-09-03 15:51:10

Ватыканская дыкастэрыя заклікае кансэкраваных асобаў маліцца аб міры


RealAudioMP3 “Чалавецтва мае патрэбу ў тым, каб бачыць жэсты міра і слухаць словы надзеі і супакою”, таму ўсе кансэкраваныя асобы, якія знаходзяцца ў Рыме атрымалі запрашэнне прыбыць 7 верасня на плошчу св. Пятра, каб далучыцца да малітвы ў інтэнцыі міра ў Сірыі. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця апублікаваным 3 верасня. У пасланні адзначаецца, што “кансэкраваныя асобы, якія ўпоўні адказалі на любоў Бога, у сваім сэрцы адчуваюць боль і пакуты звязаныя з вайной” аб якіх казаў папа Францішак 1 верасня перад малітвай “Анёл Панскі”. У сувязі з гэтым, кіраўніцтва Кангрэгацыі заклікала кансэкраваных асобаў уласным жыццём сведчыць аб непрыняцці вайны і прасіць Бога аб тым, каб быць прыладамі справядлівасці і міра там, дзе яны знаходзяцца.

“Але таксама адчуваем тэрміновую неабходнасць разам прасіць Пана, каб у Сірыі і ва ўсіх канфліктных сітуацыях дамінавала “культура сустрэчы, культура дыялога”, - гаворацца ў паведамленні ватыканскай дыкастэрыі.

Кангрэгацыя заклікае кансэкраваных асобаў ва ўсім свеце адказаць на словы Папы і перажыць дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міра ў Сірыі, які адбудзецца 7 верасня, прымаючы удзел не толькі ў літургічных набажэнствах прадугледжаных у мясцовых касцёлах, але таксама арганізаваць асаблівыя, у кожнай манаскай супольнасці і ва ўсіх інстытутах кансэкраванага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.