2013-09-02 14:00:28

Кардынал Таран: новы Дзяржсакратар цудоўна дапоўніць Папу


RealAudioMP3 Кардынал Жан-Луі Таран лічыць, што прызначаны на пасаду Дзяржсакратара арцыбіскуп Пьетро Паралін здолее дапамагчы Святому Айцу ў рэфармаванні Рымскай курыі і будзе цудоўнай апорай у міжнародных справах. У інтэрв’ю італьянскай “La Stampa” пурпурат падзяліўся, што даўно ведае арцыбіскупа Параліна. “Я адкрыў яго для сябе яшчэ на пачатку 1990-х, калі ён працаваў сакратаром у нунцыятуры ў Мехіка. Я заўважыў яго якасці і дапамог прыбыць у Рым. Затым ён стаў апошнім намеснікам Сакратара па адносінах з дзяржавамі, з якім я працаваў”, - адзначыў былы папскі дыпламат.

Кардынал Таран падзяліўся, што ў першую чаргу высока цаніў у гэтым сваім супрацоўніку адкрытасць, святарскія якасці і здольнасць весці перамовы, якая асабліва яскрава праявілася падчас шматлікіх місій у Кітаі, Вьетнаме і на Блізкім Усходзе. Паводле пурпурата новапрызначаны Дзяржсакратар валодае вялікімі ведамі, з’яўляецца сціплым і ветлівым чалавекам. “Я быў заўсёды уражаны, якой павагай ён карыстаўся сярод членаў дыпламатычнага корпуса”, - прызначыўся кардынал і нагадаў, што ў дадатак да гэтых якасцяў новы бліжэйшы супрацоўнік Папы з’яўляецца маладым, а гэта дапаможа ў евангелізацыі.

Паводле кардынала Тарана, з прыходам новага чалавека на пасаду Дзяржсакратара не будзе ніякага падзелу з “эпохай кардынала Бэртонэ”, пра якую пішуць СМІ. “Гэта не будзе падзел, але Пьетро Паралін больш будзе займацца міжнароднымі пытаннямі. Прызначэнне кар’ернага дыпламата цудоўна дапоўніць якасці Папы”, - адзначыў ён. Пурпурат выказаў меркаванне, што арцыбіскуп Паралін, “будучы маладым і добра ведаючы Дзяржсакратарыят, маючы добрыя адносіны з усімі яго супрацоўнікамі, зможа лёгка дапамагаць Папе рэфармаваць Курыю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.