2013-09-02 10:32:40

Бэнэдыкт XVI да былых вучняў: займаючы першыя месцы – служыць


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI сустрэўся са сваімі былымі студэнтамі. 1 верасня ён цэлебраваў св. Імшу з нагоды заканчэння чарговай сустрэчы “Кола вучняў Ратцынгера” – аб’яднання тых, хто пісаў пад яго кіраўніцтвам доктарскія дысертацыі. Нягледзячы на тое, што Папа на пенсіі не прымаў непасрэднага ўдзелу ў сёлетняй сустрэчы, ён запрасіў яе ўдзельнікаў на Эўхарыстыю ў капліцу Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. Разам з Бэнэдыктам XVI маліліся каля 50-ці чалавек. Канцэлебравалі літургію некаторыя былыя вучні і памочнікі Пантыфіка: кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінтву, арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонборн, арцыбіскуп Георг Генсвайн яго асабісты сакратар і прэфект Папскага дома, арцыбіскуп Бартэлемы Адакану, сакратар Папскай рады па культуры і дапаможны біскуп Гамбурга Ганс-Ёахім Яшке.

У сваёй гаміліі Папа на пенсіі паразважаў над некаторымі аспектамі нядзельнага Евангелля, у якім Езус заклікаў не займаць першых месцаў і быць блізка да людзей з перыферый грамадства. “Хто ў гэтым свеце і гісторыі магчыма вылучыўся наперад і заняў першае месца, павінен ведаць, што знаходзіцца ў небяспецы; ён павінен яшчэ больш углядацца ў Пана, лічыцца з Ім, усведамляць сваю адказнасць за іншых; павінен стаць тым, хто служыць, тым хто садзіцца каля ног іншага і благаслаўляе і так, у сваю чаргу, становіцца благаслаўлёным”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік на пенсіі нагадаў, што прыклад сапраўднага “узвышэння” паказаў Езус праз крыжовую смерць – прынізіўшыся Ён стаў вялікім ў любові, адмаўленні ад самаго сябе і самаадданасці іншым. Бэнэдыкт XVI заклікаў маліцца аб дары разумення гэтай таямніцы і яе пакорным прыняцці.

Ён нагадаў заклік Езус запрашаць на гасціну “ўбогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых” кіруючыся усведамленнем, што яны нічым не змогуць адплаціць.
Паводле Папы на пенсіі, самыя вялікія рэчы ў нашым жыцці – любоў, сяброўства, дабрыня, прабачэнне – заўсёды даюцца бескарысліва. Ён заклікаў жыць кіруючыся гэтым прынцыпам і такім чынам станавіцца падобнымі на Бога і больш адкрывацца на Яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.