2013-08-31 12:17:54

Папа прыняў адстаўку кардынала Бэртонэ і прызначыў новага Дзяржсакратара


RealAudioMP3 31 жніўня Францішак прыняў адстаўку кардынала Тарчызіо Бэртонэ з пасады Дзяржсакратара Яго Святасці Папы. Пантыфік папрасіў яго застацца на гэтай пасадзе да 15 кастрычніка 2013 г. Адначасова Святы Айцец прызначыў новага Дзяржсакратара, які пачне выконваць свае абавязкі з 15 кастрычніка. Ім стаў арцыбіскуп Пьетро Паралін, да гэтага часу Апостальскі нунцый у Венесуэле. Аб гэтым Францішак паведаміў вышэйшым кіраўнікам і супрацоўнікам Дзяржсакратарыята падчас аўдыенцыі на якой прыняў іх у Доме св. Марты. Папа падзякаваў кардыналу Бэртонэ за яго верную і шчодрую службу на карысць Святога Пасаду і ў якасці яго асабістага прадстаўніка. Новы Дзяржсакратар нарадзіўся ў 1955 г. у Скьявоне на поўначы Італіі. Атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1980 г., а затым працягваў вучобу ў галінах кананічнага права і дыпламатыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. З 1986 г. знаходзіцца на дыпламатычнай службе Святога Пасаду. У 2002 г. быў прызначаны намеснікам Сакратара па адносінах з дзяржавамі Дзяржсакратарыяту Апостальскай Сталіцы, адным з бліжэйшых супрацоўнікаў кардынала Тарчызіо Бэртонэ. У верасні 2009 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Венесуэле і ўдзяліў яму біскупскую сакру.

Кардынал Тарчызіо Бэртонэ прадставіў Святому Айцу просьбу аб адстаўцы з пасады Дзяржсакратара ва ўзросце 79 гадоў, як і яго папярэднік на гэтай пасадзе кардынал Анджэла Садана. Пурпурат узначальваў Дзяржсакратарыят Яго Святасці Папы з 2006 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.