2013-08-31 10:53:29

Арцыбіскуп Кандрусевіч: заснаванне тэалагічнага каледжа ў Мінску – адказ на выклікі часу


RealAudioMP3 Заснаванне тэалагічнага каледжа ў Мінску адпавядае заклікам ІІ Ватыканскага Сабора і Рымскіх Пантыфікаў аб павелічэнні ролі свецкіх у жыцці Касцёла. Такога меркавання прытрымліваецца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 30 жніўня іерарх атрымаў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі новай каталіцкай навучальнай установы, якая будзе адкрыта ў сталіцы Беларусі – “Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля”. У ім, кожны жадаючы, зможа атрымаць веды ў галіне тэалогіі, філасофіі, катэхізацыі, біблістыкі, літургіі, гісторыі, кананічнага права, дабрачыннай дзейнасці, сямейнай кансультацыі, сацыяльнай камунікацыі і інш. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што тэалагічны каледж будзе заснаваны на базе ўжо існуючага “Цэнтра падрыхтоўцы катэхетаў” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

“Тры гады таму я заснаваў цэнтр па падрыхтоўцы катэхетаў. Ён паспяхова дзейнічаў на працягу трох гадоў – у гэтым годзе першыя яго выпуснікі атрымалі дыпломы. Гэта было вялікай радасцю для нас. Аднак трэба глядзець шырэй. Трэба ведаць, што патрэбныя не толькі катэхеты але таксама сямейныя кансультанты, працаўнікі ў сферы дабрачыннасці, людзі якія змогуць заняцца мас-медыя – выпускаць парафіяльную газету ці займацца сайтам. Для гэтага, на базе ўжо існуючага “Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў” быў створаны каледж”, - адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што навучэнцы каледжа будуць атрымлівасць не проста катэхетычныя веды, але сапраўдную тэалагічную адукацыю з рознай спецыялізацыяй: тэолаг-сямейны кансультант, тэолаг-катэхет, тэолаг-спецыяліст у галіне сацыяльнага навучання Касцёла і інш.

Іерарх расказаў, што заснаванне каледжа, з’яўляецца “першым крокам” да спаўнення яго даўняй мары – стварэння тэалагічнага факультэта ці вышэйшай навучальнай каталіцкай установы, у якой змогуць вучыцца не толькі будучыя святары, але таксама і свецкія вернікі. “Мы бачым, што сёння свецкія павінны адыгрываць усё большую і большую ролю ў жыцці Касцёла. Аб гэтым казаў ІІ Ватыканскі Сабор і гэта патрабаванне нашага часу”, - адзначыў іерарх і падкрэсліў, што заснаванне тэалагічнага каледжа – важны этап на гэтым шляху.

“Я памятаю добра, што ў 1991 г., калі я прыехаў у Маскву, я адразу заснаваў каледж. Гэта дапамагло заснаваць семінарыю у Санкт-Пецербургу, а каледж перарадзіўся ў інстытут. Канешне, у Мінску не можа быць “калькі” з маскоўскага досведу, але нешта падобнае здзейсніць магчыма. Тым больш, што ў Касцёла ёсць задума, каб у Мінску была і семінарыя і вышэйшая тэалагічная ўстанова”, - падзяліўся арцыбіскуп.

Паводле арцыбіскуп Кандрусевіча заснаванне каледжа і яго дзяржаўная рэгістрацыя, дапаможа у спаўненні гэтай мары.








All the contents on this site are copyrighted ©.