2013-08-30 12:24:16

Папа Францішак: вера – не дэкаратыўная аздоба, але сутнасць жыцця


RealAudioMP3 30 жніўня Святы Айцец прывітаў сваіх чытачоў у Твітары думкаю, якую не стамляецца паўтараць на працягу жніўня. У канцы лета, калі многія вяртаюцца да працы ці звычайных заняткаў, Пантыфік зноў прыпамінае хрысціянам: “Вера – не дэкаратыўны элемент, аздабленне. Мець веру – значыць сапраўды ставіць Хрыста ў цэнтр нашага жыцця”. Амаль 2 тыдні таму, перад “Анёл Панскі” 18 жніўня, тлумачачы літургічнае чытанне ў аспекце Года веры, Францішак заклікаў не забывацца пра тое, што жыць верай – гэта значыць выбраць Бога сваім жыццёвым крытэрыем, вымяраць кожны свой крок – Езусам. А гэта азначае не заставацца нейтральнымі, калі занядбоўваецца любоў.
“Вера не з’яўляецца дэкаратыўнай, арнаментальнай аздобай жыцця”, сказаў тады Папа і патлумачыў: вернік ведае, што яго душэўны мір – Езус Хрыстус. Але вера не дае “спакою могілак”, прыпомніў Папа. Яна прымушае выходзіць у жыццё на барацьбу са злом, выбіраючы дабро, праўду, справядлівасць. “Хрысціянін не гвалтоўны, але моцны!” – запэўніў Папа.
Гэтую ж думку аб напаўненні сутнасным дзеяннем прыналежнасці да Хрыста:несці веру, а не быць пасіўным членам Касцёла, Францішак зноў сцвердзіў у сваім навучанні ў нядзелю 25 жніўня: “Я вас пытаюся: ці вы ёсць хрысціянамі, пазначанымі этыкеткаю, ці хрысціянамі праўды?”. Пантыфік папрасіў кожнага адшукаць адказ на пытанне ўнутры сабе. А гаворачы аб сапраўдных верніках, сам адказаў: “Мы, хрысціяне, ніколі не з’яўляемся хрысціянамі па намінацыі, этыкетцы, але з’яўляемся сапраўднымі паслядоўнікамі Хрыста. Хрысціянамі праўды, па сэрцы. Быць хрысціянамі - значыць жыць і светчыць сваю веру праз малітву, праз міласэрднае дзеянне, праз барацьбу за справядлівасць – у сцвярджэнні дабра!”
Звяртаючыся два дні таму да законнікаў-аўгустыніянаў Францішак зноў запрасіў зірнуць усіх ва ўласнае сэрца і запытацца: тваё сэрца яшчэ жадае чагосьці вялікага, ці яно паснула? Папа прыгадаў, што вернік, які не імкнецца да пошуку праўды і дабра, рызыкуе, што яго сэрца атрафіруецца, што ён стане бясплодны, як нейкі “стары халасцяк” ці халасцячка. “Неабходна займацца культывацыяй духоўнай плённасці”, - сказаў Папа законнікам. “Бог чакае на цябе, шукае цябе – што адкажаш Яму? Ты разумееш гэта, ці спіш спакойна?”- запытаўся Папа ў тых, хто выбраў прывіліяваны шлях Хрыстовага служэння, заклікаючы іх , на ўзор св. Аўгустына, не засынаць на хаду.
Вера не павінна быць арнаментальнай, але сутнаснай, каб быць дарогай да Бога, якую хрысціяне пракладаюць для ўсіх людзей.
А. Мартэцкая








All the contents on this site are copyrighted ©.