2013-08-30 13:20:57

Папа зрабіў чарговыя прызначэнні ў ватыканскія ведамствы


RealAudioMP3 30 жніўня 2013 г. Святы Айцец Францішак прызначыў новага генеральнага сакратара Губернатарата Ватыкана. Ім стаў 68-гадовы іспанскі святар Фернанда Вэргеза Альцага, які з’яўляецца членам Кангрэгацыі легіянераў Хрыста. Пераходзячы ад сёння на новую пасаду, кс.Альцага пакідае пасаду кіраўніка Дырэкцыі па тэлекамунікацыях горада-дзяржавы Ватыкан. Таксама сёня Папа Францішак прызначыў новага кансультанта Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы. Ім стаў падатковы спецыяліст і прафесар -ад’юнктар Турынскага ўніверсітэта Паола Чэруццы. Прафесар Чэруццы мае за плячыма вопыт кіраўніцтва аўдытарскіх кампаній і дзяржаўных органаў, адміністратыўную практыку ў Міністэрстве эканомікі, камерцыйных структурах і прамысловых кампаніях Італіі. Лічыцца вядучым спецыялістам у галіне стратэгічнага планавання і фінансава-гаспадарчай дзейнасці.
Папа Францішак працягвае рэфармаваць фінансава-эканамічную сістэму Святога Пасаду і Ватыкана. Прызначэнні падкрэсліваюць ўвагу Пантыфіка да эканамічнага планавання як стратэгіі.
Прэфектуру эканамічных спраў ўзначальвае ад 2011г. кардынал Джузэпэ Версальдзі. Прэфектура эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы — ведамства Рымскай курыі, якое кіруе фінансавымі ўкладамі і бюджэтам Ватыкана і Рыма-каталіцкага Касцёла.

А. Мартэцкая








All the contents on this site are copyrighted ©.