2013-08-29 12:43:46

Папа прывітаў удзельнікаў міжрэлігійнага сімпозіума


RealAudioMP3 Папа Францішак прывітаў удзельнікаў ХІІІ міжрэлігійнага сімпозіума, які праходзіць ў Мілане 28-30 жніўня. У спецыяльным пасланні, скіраваным на імя кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінтву, Святы Айцец высока ацаніў значэнне гэтага форума, які праходзіць па ініцыяітыве Інстытута францішканскай духоўнасці Папскага універсітэта Антоніанум і факультэта праваслаўнай тэалогіі універсітэта Арыстоцеля ў Салоніках. Папа нагадаў, мэта мерапрыемства заключаецца ў “паглыбленні ведаў аб тэалагічных і духоўных традыцыях Усходу і Захаду, умацаванні братэрскіх, сяброўскіх і навуковых узаемаадносін” паміж членамі гэтых дзвюх устаноў. Паводле Францішка, тэма сустрэчы – “Жыццё хрысціян і палітычная ўлада. Гістарычныя пытанні і актуальныя перспектывы на Усходзе і Захадзе” – цудоўна ўпісваецца ў рамкі ініцыятыў, якія праводзяцца з нагоды 700-годдзя прыняцця Міланскага эдыкта імператарам Канстанцінам.

“Гістарычнае рашэнне, якім была абвешчана рэлігійная свабода для хрысціян, адкрыла новыя шляхі для распаўсюджвання Евангелля і сур’ёзна паспрыяла нараджэнню еўрапейскай цывілізацыі”, - адзначыў Папа. Ён пажадаў, каб успамін, аб гэтай падзеі, натхніў удзельнікаў сімпозіума да разважання аб спосабах узаемадзеяння паміж хрысціянскім светам, грамадскай супольнасцю і ўладамі.

Паводле Папы, на працягу гісторыі, на Усходзе і Захадзе, гэта ўзаемадзеянне развівалася па-рознаму, але ў той жа час мела і фундаментальныя агульныя рысы: перакананасць у абмежаванасці свецкай улады законам Божым, гарантаванне неабходнай прасторы для свабоды сумлення, усведамленне паклікання касцёльных і свецкіх уладаў да супрацоўніцтва на карысць інтэгральнага дабра чалавечай супольнасці.

Францішак пажадаў, каб праца сімпозіума прынесла шмат плёнаў і паспрыяла прагрэсу ў гістарычных даследваннях і ўзаемным знаёмстве паміж традыцыямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.