2013-08-29 11:57:47

Кардынал Амата пра будучага благаслаўлёнага кс. Уладзіміра Гіка


RealAudioMP3 31 жніўня ў Бухарэсце адбудзецца беатыфікацыя румынскага святара і мучаніка за веру кс. Уладзіміра Гіка. Літургію, падчас якой ён будзе ўзнесены да хвалы алтара, ўзначаліць прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэла Амата. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё пурпурат расказаў пра постаць будучага благаслаўлёнага. “Уладзімір Гіка выкарыстоўваў свае шматлікія прыродныя дары і ласкі на карысць патрабуючых. Навярнуўшыся ў 1902 г. і атрымаўшы святарскае пасвячэнне ў Парыжы, 7 кастрычніка 1923 г., ва ўзросце 50-ці гадоў, ён пачаў актыўную апостальскую дзейнасць на карысць самых прыніжаных і бедных. У 1939 г., вырашыў застацца ў Румыніі, каб адказаць на патрэбы польскіх бежанцаў, пасля ўваходу нацыстаў у Польшчу. Верны сваёй “тэалогіі патрэбы” ён клапаціўся пра хворых, параненых і палонных”, - адзначыў ватыканскі іерарх.

Кардынал Амата распавёў, што крыжовы шлях кс. Гіка пачаўся незадоўга пасля заканчэння ІІ Сусветнай вайны, калі камуністычныя румынскія ўлады пачалі сістэматычныя гвалтоўныя рэпрэсіі супраць католікаў. У 1952 г. святар патрапіў у румынскі канцэнтрацыйны лагер Жылава. Тут ён даў моцнае сведчанне чалавечай годнасці, евангельскай веры, духоўна падтрымліваў зняволеных, а таксама прабачыў сваіх катаў. 16 мая 1954 г., не здолеўшы перанесці катаванняў, кс. Гіка памёр.

Паводле кардынала Амата, будучы благаслаўлёны мае тры галоўныя рысы: першая заключалася ў яго адданасці экуменізму – кс. Уладзімір Гіка марыў аб адзінстве Касцёла і бачыў святасць, як шлях да набліжэння гэтага ідэалу; другая рыса – гэта ўвага да бедных і патрабуючых; а трэццяя – мучаніцкае сведчанне. Пурпурат расказаў, што кс. Гіка з з верай, адвагай і малітвай пераносіў доўгія допыты, жосткія збіцці, а таксама сімуляцыі павешання, якім яго падвяргалі каты.

“Гэта беатыфікацыя, павінна разглядацца як прароцкі знак прымірэння і міру, як памяць аб сумным мінулым, якое не павінна паўтарыцца ніякім чынам і як заданне будавання такой будучыні у якой будзе надзея, братэрская еднасць, свабода і радасць”, - адзначыў ватыканскі кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.