2013-08-26 11:52:36

Ян Павел І і Францішак. Супольныя рысы


RealAudioMP3 35 гадоў таму, 26 жніўня 1978 г. на Пасад св. Пятра быў абраны Патрыярх Венецыі кардынал Альбіна Лучані. Новаабраны Пантыфік узяў сабе імя Ян Павел І, на знак павагі да сваіх выбітных папярэднікаў: Яна ХХІІІ і Паўла VI. Пантафікат “Папы ўсмешкі” працягваўся ўсяго 33 дні, але яго важнасць, паводле Яна Паўла ІІ была “адваротна прапарцыянальнай працягласці”. Ён запаліў вялікія надзеі ў Касцёле. Прастата паводзінаў і стылю камунікацыі, словы пра бязмежную міласэрнасць Божую, здольнасць заставацца пробашчам для мільярда католікаў, дыстанцыя ад курыяльных спраў, пакінулі пра яго цёплыя ўспаміны ў сэрцах многіх вернікаў. Нягледзячы на адметнасці паміж Янам Паўлам І і Францішкам, гэтых дзвюх Пантыфікаў злучаюць некаторыя супольныя рысы.

Па-першае, Альбіна Лучані марыў быць езуітам, якім з’яўляецца цяперашні Папа. Яго прываблівала езуіцкая духоўнасць і ён нават звяртаўся да свайго біскупа з просьбай перайсці у Таварыства Езуса, але атрымаў адмову.

Абодвух Пантыфікаў аб’ядноўвае таксама просты, нефармальны стыль камунікацыі з вернікамі і здольнасць даносіць сваё пасланне да самых простых людзей. Альбіна Лучані, яшчэ будучы семінарыстам пачуў ад свайго пробашча параду: ты павінен прамаўляць так, каб цябе зразумела старая жанчына, якая ніколі не хадзіла ў школу і зараз сядзіць на апошняй лаўцы ў касцёле. Будучы Пантыфік назаўсёды застаўся верным гэтым словам. Падчас чатырох агульных аўдыенцый, якія ён паспеў правесці ў Ватыкане, Ян Павел І звяртаўся да вернікаў на простай мове, вядучы дыялог з імі без загадзя падрыхтаваных тэкстаў. Таксама і папа Францішак, аддае перавагу больш нефармальнаму і спантаннаму стылю камунікацыі і прапаведвання. Францішак амаль заўсёды робіць устаўкі “ад сябе” у падрыхтаваныя тэкты гамілій, прамоваў, катэхез і разважанняў. Нерэдка ён звяртаецца да вернікаў увогуле спантанна, як напрыклад падчас ранішніх св. Імшаў у Доме св. Марты.

Абодвух Пантыфікаў аб’ядноўвае любоў да беднасці і непрыязнь да святароў прывязаных да грошай.

Адразу пасля абрання на Пасад св. Пятра, папа Францішак акрэсліў сябе, перш за ўсё, як “Біскупа Рыма”. Таксама і Ян Павел І казаў: “Я перш за ўсё святар. Хоць зараз я стаў Папам, хачу быць пастырам, а не чыноўнікам... Я перш за ўсё Біскуп Рыма і толькі затым Папа. Я ведаю, што гэта тое самае, але не хачу выглядаць важным перад маімі святарамі і людзьмі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.