2013-08-19 12:38:04

Егіпет: хрысціяне і мусульмане супраць тэрарызма і экстрэмізма


RealAudioMP3 58 хрысціянскіх цэркваў і ўстаноў на тэрыторыі Егіпта падвергнуліся нападам экстрэмістаў на працягу апошніх некалькіх дзён супрацьстаяння паміж сіламі правапарадку і прыхільнікамі зрынутага Прэзідэнта краіны Мухамеда Мурсі. Паводле прэс-сакратара егіпецкага епіскапата а. Рафіка Грэйшы, 14 з пашкоджаных храмаў з’яўляюцца каталіцкімі. Астатнія прыналежаць копцка-праваслаўнай, грэка-праваслаўнай, англіканскай і пратэстанскай супольнасцям. У інтэрв’ю агенцтву “Fides” святар расказаў, што напады здзейсняліся ў розных частках краіны, але іх большая колькасць зарэгістравана ў гарадах Эль-Мінья і Асьют, у цэнтральным Егіпце. Паводле а. Грэйшы, менавіта тут знаходзіцца галоўная сядзіба ісламістаў, адказных за насілле ў краіне.

Святар адзначыў, што нягледзячы на напады на хрысціянскія святыні, варожасці паміж хрысціянамі і мусульманамі няма. Ён расказаў, што многія вызнаўцы іслама, дапамагалі ў тушэнні пажараў у падпаленых храмах. “Гэта не грамадзянская вайна паміж хрысціянамі і мусульманамі, але вайна супраць тэрарызма. Большасць насельніцтва супраць тэрырызма і рэлігійнага экстрэмізма”, - падкрэсліў прадстаўнік егіпецкага епіскапата.








All the contents on this site are copyrighted ©.