2013-08-18 11:54:29

Францішак: самая вялікая беднасць – адсутнасць Хрыста


RealAudioMP3 “Улада баіцца людзей, якія знаходзяцца ў дыялогу з Богам, таму што гэта іх робіць свабоднымі і непаддатнымі на асіміляцыю”, – гаворыцца ў пасланні, якое папа Францішак скіраваў 18 жніўня да ўдзельнікаў “Сустрэчы за мір паміж народамі”. Форум ужо ў 34-ты раз праходзіць у італьянскім Рыміні. Яго арганізатарам з’яўляецца каталіцкі рух “Камунія і вызваленне”, а сёлетняя тэма: “Чалавек: надзвычайнае становішча”. Працягнецца мерапрыемства з 18 па 24 жніўня. У пасланні, якое Пантыфік скіраваў за подпісам кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ, адзначаецца, што для Касцёла, чалавек заўсёды з’яўляецца шляхам. “Гэта праўда застаецца актуальнай таксама і ў наш час, у які Касцёл, ва ўсё больш глабалізаваным і віртуальным свеце, ва ўсё больш секулярызаваным і пазбаўленым моцных апораў грамадстве, пакліканы раскрыць сваю місію, праз канцэнтрацыю на самым важным і шукаючы новых шляхоў для евангелізацыі”, - напісаў Святы Айцец.

Паводле Папы, чалавек, гэта “шлях Касцёла”, таму што гэтым шляхам прайшоў сам Езус. “Ад самага світанку чалавецтва, пасля першароднага граху, Бог шукаў чалавека” і гэты пошук дасягнуў свайго найвышэйшага выразу ва ўцелаўленні Хрыста. Таму, калі не ўглядацца ў Езуса і не разважаць над Яго таямніцай, нельга зразумець праўду пра чалавека.

Паводле Францішка, акрамя Бога, у пошуку чалавека, пэўным чынам, зацікаўлены гэты свет: эканамічныя, палітычныя, медыйныя улады “часта імкнуцца маніпуліраваць масамі, навязываць ім жаданні, і знішчаюць самае каштоўнае з таго, што ён мае: адносіны з Богам”. Вось чаму чалавек знаходзіцца ў надзвычайным небяспечным становішчы.

“Якую вялікую адказнасць мы маем!”, - напісаў Папа заклікаўючы вярнуць сучаснаму чалавеку яго найвышэйшую годнасць, сакральнасць яго асобы і адносіны з Богам. “Пойдзем на сустрэчу з усімі, не чакаючы пакуль іншыя пачнуць шукаць іх! Будзем падобнымі на нашага боскага Настаўніка, які пакінуў сваё неба, каб стаць чалавекам і быць блізка да кожнага. Не толькі ў касцёлы і парафіі, але ва ўсе асяродкі прынясём водар любові Хрыста”, - заклікаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што заданнем Касцёла і такім чынам кожнага хрысціяніна, з’яўляецца служэнне чалавеку, ідучы і шукаючы яго ў самых схаваных сацыяльных і духоўных “меандрах”.

“Існуе духоўная беднасць, якая захапіла сучаснага чалавека. Мы бедныя любоўю, маем прагу праўды і справядлівасці (...) Але самай вялікай беднасцю з’яўляецца адсутнасць Хрыста, і калі не нясём Хрыста людзям, робім мала для іх”, – напісаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.