2013-08-18 12:51:31

Папа перад “Анёл Панскі”: вера – не дэкаратыўная рэч (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Заўсёды глядзець на Езуса і ісці за Ім, нават калі гэта нам шмат чаго каштуе, заклікаў папа Францішак вернікаў, якія 18 жніўня сабраліся на плошчы св. Пятра, каб разам з ім памаліцца “Анёл Панскі”. Па-традыцыі, Святы Айцец звярнуўся да сабраных з кароткім разважаннем, у якім патлумачыў сэнс сённяшніх літургічных чытанняў, у прыватнасці словаў Хрыста: “Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне”. “Дарагія браты і сёстры, – прывітаў вернікаў Папа – У сённяшняй літургіі мы пачулі словы з Паслання да Габрэяў: “Маючы вакол сябе безліч сведкаў, скінем з сябе ўсялякі цяжар і грэх, які лёгка аблытвае нас, і будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры” (Гбр 12,1-2). Гэтыя словы мы павінны асаблівым чынам падкрэсліць у кантэксце Года веры. Будзем таксама і мы, падчас гэтага году, трымаць позірк на Езусе, таму што вера, якая з’яўляецца нашым “так” сыноўскім адносінам з Богам, паходзіць ад Яго: Ён адзіны пасярэднік у гэтых адносінах паміж намі і нашым Айцом, які ёсць у Небе. Езус гэта Сын, а мы сыны ў Ім.

Слова Божае на гэту нядзелю ўтрымлівае таксама і іншае выказванне Езуса, якое нас здзіўляе і патрабуе тлумачэння, бо інакш можа парадзіць непаразуменні. Езус кажа вучням: “Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне” (Лк 12,51). Што значыць гэта? Гэта азначае, што вера не з’яўляецца дэкаратыўнай, арнаментальнай рэччу; жыць верай не азначае упрыгожыць жыццё невялікай колькасцю рэлігіі, як торт, які ўпрыгожваецца крэмам. Не! Вера не такая! Яна заключаецца ў выбары Бога ў якасці базавага жыццёвага крытэрыя. Бог – гэта не пустка, Ён не нетральны. Бог заўсёды пазітыўны, Бог – гэта любоў, а любоў заўсёды пазітыўная! Пасля таго, як Езус прыйшоў у свет, больш нельга жыць так, нібыта Бога не ведаем, нібыта ён пустка, абстрактнасць, выключна намінальная спасылка. Не! Бог мае канкрэтнае аблічча, мае імя: Бог – гэта міласэрнасць, вернасць, жыццё, якое дорыцца ўсім нам. Таму Езус кажа: я прыйшоў, каб прынесці раздзяленне; гэта не значыць, што Ён прыйшоў, каб раздзяліць людзей паміж імі, а наадварот: Езус – гэта наш спакой, прымірэнне. Але гэта не спакой могілак! Гэты спакой не нейтральнасць, не кампраміс любым коштам. Ісці за Езусам азначае адмаўляцца ад зла, эгаізма і выбіраць дабро, праўду, справядлівасць, нават калі гэта патрабуе ахвяры і адмаўлення ад уласных інтэрэсаў. І гэта дзеліць, мы ведаем, дзеліць нават самыя моцныя сувязі. Але увага: гэта не Езус дзеліць! Ён дае крытэрый: жыць для саміх сябе ці жыць для Бога і іншых; прымушаць да служэння ці служыць, падпарадкоўвацца ўласнаму “я” ці Богу. Вось у якім сэнсе Езус з’яўляецца “знакам якому супраціўляцца будуць” (Лк 2,34).

Такім чынам гэта слоава Евангелля не дае дазволу на выкарыстанне сілы для абароны веры. Менавіта наадварот: сапраўдная сіла хрысціяніна – гэта сіла праўды і любові, якая вядзе да адмаўлення ад насілля. Вера і насілле – несумяшчальныя! Вера і насілле несумяшчальныя! А вось вера і сіла ідуць побач! Хрысціянін не гвалтоўны, а моцны. А якой моцай? Моцай пакоры. Сілай пакоры і любові.

Дарагія сябры, таксама сярод блізкіх Езус былі некаторыя, якія ў пэўнай меры не падзялялі Яго спосабу жыцця і прапаведвання, пра што нам кажа Евангелле (пар. Мк 3,20-21). А вось Яго Маці ішла за Ім верна, трымаючы позірк свайго сэрца на Езусе, Сыне Найвышэйшага і Яго таямніцы. Нарэшце, таксама дзякуючы веры Марыі, блізкія Езуса сталі часткай першая хрысціянскай супольнасці (пар Дз 1,14). Папросім Марыю, каб дапамагла нам глядзець на Езуса і заўсёды ісці за Ім, нават калі гэта каштуе нам шмат”.

Пасля марыйнай малітвы Святы Айцец папрасіў вернікаў аб малітве за ахвяраў трагедыі, якая здарылася 16 жніўня на Філіпінах, дзе ў выніку сутыкнення марскіх суднаў загінула вялікая колькасць людзей, а таксама за мір у Егіпце.








All the contents on this site are copyrighted ©.