2013-08-16 13:38:14

Паўночная Карэя: будаўніцтва каталіцкай бальніцы


RealAudioMP3 Генеральны настаяцель ордэна бэнэдыктынцаў, айцец Ноткер Вольф падзяліўся сваімі думкамі адносна сітуацыі ў Паўночнай Карэі. Законнік вярнуўся з гэтай закрытай для свету краіны, некалькі дзён таму. Там ён наведаў будаўніцтва каталіцкай бальніцы, якім займаюцца айцы бэнэдыктынцы. Гаворачы пра пастаянную напружанасць у адносінах паміж Захадам і Паўночнай Карэяй, святар адзначыў, што апошняя “хоча быць паважанай”. “Гэта праблема ўсіх перамоваў: на Захадзе думаюць, што Паўночная Карэя маленькая і незначная камуністычная дзяржава, але так не можа працягвацца. Таксама і яны хочуць быць паважанымі і адчуваць сябе нараўне з іншымі, не хочуць прыніжацца перад абліччам высакамернасці іншых людзей ці краін. Трэба паважаць іх чуллівасць”, - сказаў а. Вольф.

Ён падзяліўся, што на ўласным вопыце ведае пра эфектыўнасць паважлівых адносін з паўночна-карэйскімі ўладамі. Святар адзначыў, што паважаючы іх можна дасягнуць згоды ў многіх пытаннях. Айцец Фольф расказаў, што такім шляхам ордэн бэнэдыктынцаў атрымаў дазвол на будаўніцтва бальніцы ў Паўночнай Карэі. “Яны бачылі, што мы іх паважаем, не накладаем эмбарга, не пагражаем сілай. Мы хрысціяне ведаем: сіла супярэчыць пасланню Езуса, а мы тут каб служыць”, - сказаў ён.

Айцец Ноткер Вольф расказаў, што будучая бэнэдыктынская бальніца ў Паўночнай Карэі будзе разлічана на 100 месцаў. У ёй будуць розныя аддзяленні, у тым ліку гінекалагічнае. Святар падзяліўся, што атрымліваць навіны з Паўночнай Карэі складана, таму, каб праверыць стан рэчаў на будаўніцтве, ён вымушаны быў паехаць туды асабіста.








All the contents on this site are copyrighted ©.