2013-08-14 10:51:43

Папа наведае жаночы кляштар у Кастэль-Гандольфа


RealAudioMP3 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, папа Францішак прыбудзе ў Кастэль-Гандольфа, горад у 40 км ад Рыма, у якім знаходзіцца летняя рэзідэнцыя Рымскіх Пантыфікаў. Тут, на цэнтральнай плошчы, Святы Айцец узначаліць Эўхарыстыю і памоліцца з вернікамі марыйнай малітвай “Анёл Панскі”. Перад св. Імшой, Папа, у прыватнай форме наведае кляштар кларысак – законніц з жаночай галіны францішканскага ордэну, які знаходзіцца на тэрыторыі Кастэль-Гандольфа. Францішак прыбудзе сюды ўжо ў другі раз, з моманту свайго абрання на Пасад св. Пятра. Упершыню ён наведаў гэта месца 14 ліпеня. Кляштар быў заснаваны ў 1631 г. З таго часу ён дзейнічаў амаль бесперапынна, за выключэннем невялікага перыяду пасля Французскай рэвалюцыі, звязанага з ваенным дзеяннямі ў ваколіцах Рыма і антырэлігійным пераследам. У 1971 г. кляштар наведваў Павел VI, які адзначаў, што законніцы, якія ў ім жывуць, “прадстаўляюць сабой тое, што Касцёл цэніць, а ІІ Ватыканскі Сабор пацвердзіў: вернасць рэгуле, супольнае жыццё і беднасць”.

Бл. Ян Павел ІІ, падчас візіту ў кляштар кларысак у Кастэль-Гандольфа ў 1979 г., падкрэсліваў, што законніцы “не пакінулі свет”, а “суправаджаюць яго сваёй малітвай і схаванай, але дзейснай прысутнасцю”.

Бэнэдыкт XVI сустракаўся з кларыскамі з Кастэль-Гандольфа 15 верасня 2007 г. Ён прыняў іх на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў. Звяртаючыся да законніц, Папа папрасіў іх быць “запаленымі факеламі любові”, “рукамі, складзенымі ў няспыннай малітве”, каб падтрымліваць таго, каго Езус паклікаў весці Касцёл. “Не заўсёды, у публічнай сферы гучыць рэха аб маўклівай дзейнасці тых, хто як і вы, спрабуюць з прастатой і радасцю рэалізаваць на практыцы Евангелле (...), але будзьце ўпэўнены – уклад, які вы даеце апостальскай і місійнай дзейнасці Касцёла ў свеце, па-сапраўднаму вялікі, і няхай Бог працягне вас благаслаўляць дарам шматлікіх пакліканняў, як рабіў да гэтага часу”, - казаў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.