2013-08-13 16:41:31

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Ці прэзерватыў – гэта панацэя ад СНІДу?


RealAudioMP3 Вельмі часта ў бок Каталіцкага Касцёла можна пачуць такое абвінавачванне: маўляў, сваёй забаронай на выкарыстанне прэзерватываў ён пагаршае сітуацыю са СНІДам у свеце. Паўсюдна прынята лічыць, што прэзерватывы ў дадзеным пытанні – сапраўдная панацэя. Гэты стэрэатып шырока падтрымліваецца многімі палітыкамі, буйнымі карпарацыямі, грамадскімі дзеячамі і некамерцыйнымі арганізацыямі. Пазіцыя Касцёла імі разгядаецца як “неадказная”, “нерэалістычная” і “неэфектыўная”.

Праблема СНІДу асабліва востра стаіць на афрыканскім кантыненце. Тут існуюць краіны, у якіх носьбітамі гэтай хваробы з’яўляецца да 40% насельніцтва. Аднак ў 2009 г., падчас Апостальскага падарожжа ў Анголу і Камерун, Бэнэдыкт XVI казаў: “Нельга перамагчы гэта бедства праз распаўсюджванне прэзерватываў: наадварот, гэтым ствараецца рызыка пагоршыць праблему”.

Вядома, што словы Святога Айца выклікалі масу пратэстаў. Гучалі абвінавачванні ў несучаснасці і небяспечнасці яго прапаноў, абыякаваці Касцёла да лёсу мільёнаў людзей, якія пакутуюць ад СНІДу ва ўсіх часткай свету, перш за ўсё ў Афрыцы. Ці мае гэта крытыка падставы і хто ў ёй зацікаўлены мы паспрабуем разабрацца ў сённяшняй праграме.

Па-першае, варта адзначыць, што Касцёл больш чым неабыякавы да праблемы. Больш за 25% усіх хворых на СНІД атрымліваюць дапамогу менавіта ад Каталіцкага Касцёла. Такой вялікай працы ў дадзенай сферы не здзяйсняе ніводная арганізацыя ў свеце. Менавіта каталіцкія структуры дзейнічаюць “на месцах”: не толькі пішуць пра праблему ў газетах, але знаходзяцца побач з хворымі, падтрымліваюць іх, ажыцяўляюць складаную прафілактычную і адукацыйную працу ў “небяспечных” рэгіёнах.
Па-другое, міф пра эфектыўнасць прэзерватываў у прафілактыцы СНІДу не пацвярджаецца навукова. Іх эфектыўнасць складае толькі 60 %. Вядома, што па меншай меры 40% усіх хворых на СНІД, напрыклад, у Вялікабрытаніі, захварэлі ў выніку сексуальных кантактаў з ужываннем. Прэзерватыў дае невялікую гарантыю, нават пры захаванні ўсіх правілаў, звязаных з яго выкарыстаннем.

Амерыканскія навукоўцы і даследчыкі з Еўрапейскай супольнасці, правялі дбайнае даследаванне латэксу – матэрыялу, з якога вырабляюць прэзерватыў. Атрымліваецца, што губчатая структура латекса ўтрымлівае мікрапорыстыя адтуліны, якія добра бачныя пад мікраскопам. Яны маюць дыяметр 5 мікрон. На сённяшні дзень нікому не ўдалося стварыць прэзерватыў, які б не меў гэтых адтулін. Самыя буйныя сперматазоіды маюць дыяметр 3 мікроны, гэта на два мікроны больш, чым самая вузкая адтуліна ў прэзерватыве. Таму цалкам магчыма, што сперматазоід пройдзе праз невялікую адтуліну. Даследаванні, праведзеныя ў Англіі, выявілі па меншай меры 14 такіх выпадкаў у год на 100 пар, якія выкарыстоўвалі прэзерватывы. Аб такой жа колькасці заявіла Сусветнай арганізацыя аховы здароўя.

Што тычыцца СНІДу, яго выклікае ВІЧ, які знаходзіцца ў асноўным у сперме, у крыві і похвавых выдзяленнях інфіцыраваных.

Вядома, што прэзерватывы псуюцца і губляюць сваю абарончую функцыю пры высокай тэмпературы. Такі кантрацэптыў, паляжаўшы на вітрыне пад прамымі промнямі сонца, ужо не можа выкарыстоўвацца. Што казаць пра пастаянную спёку на Чорным кантыненце?

Іншая праблема – гэта якасць прэзерватыва. Тыя, якія прайшлі адпаведныя тэсты, каштуюць дорага, прадаюцца толькі ў аптэках і маюць асаблівую адзнаку. Канешне, такія кантрацэптывы не распаўсюджваюцца задарма ў бедных краінах.

Пра неэфектыўнасць прафілактыкі СНІДу з дапамогай прэзерватываў кажа і практычны досвед у барацьбе з гэтай хваробай. Так напраклад кампаніі, якія праводзіліся ў многіх афрыканскіх краінах і грунтаваліся на распаўсюджванні прэзерватываў, цалкам праваліліся. Эпідэмія не толькі не спынілася, але і працягвае распаўсюджвацца.

Іншая сітуацыя склалася ў афрыканскай Угандзе. Тут, у перыд з 1986 па 1991 г. атрымалася паменшыць колькасць захворванняў з 21% да 6%. Дасягнута гэта было ў першую чаргу дзякуючы рэалізацыі праграмы “ABC”, якая атрымала сваю назву ад першых букваў англійскіх словаў: “Abstinence – Be Faithful – Condom” (Устрыманасць – вернасць – прэзерватыў). Нягледзячы на тое, што праграма прадугледжвала распаўсюджванне прэзерватываў, пазітыўны вынік быў асягнуты ў першую чаргу дзякуючы змене сексуальных паводзінаў людзей. Паводле навукоўцаў, за час правядзення кампаніі, на 60% паменшылася колькасць людзей, якія часта змянялі палавога партнёра, а таксама значна павялічылася колькасць моладзі ва ўзросце ад 15 да 19 гадоў, якія ўвогуле устрымліваліся ад сексу. Такім чынам сакрэт поспеху быў у вернасці і устрыманасці – у тым, пра што кажа Касцёл.

У якасці іншага прыкладу можна прывесці Філіпіны. Нягледзячы на тое, што краіна знаходзіцца ў “небяспечным” у пытанні СНІДу рэгіёне, колькасць яго носьбітаў роўная 0,01% . Справа ў тым, што 85% насельніцтва краіны з’яўляюцца католікамі і пераважна прытрымліваюцца этыкі Каталіцкага Касцёла, заснаванай на ўстрыманасці і вернасці паміж сужонкам, а не выкарыстанні прэзерватываў.

Такім чынам відавочна, што прэзерватывы не вырашаюць праблему СНІДу. Яна з’яўляецца нашмат глыбейшай і ў першую чаргу звязана са зменай культуры, звычаяў, адукацыі. Менавіта пра гэта казаў Бэнэдыкт XVI у Афрыцы. Чаму ж тады яго голас не хочуць чуць многія нашы сучаснікі? Напэўна для многіх устрыманасць і вернасць, гэта ідэалагічнае пытанне – крок назад ад сексуальнай свабоды, “вызваленай” у другой палове ХХ ст. Гэтыя два паняцці звязаны з адказнасцю і глыбокім разуменнем сексуальнасці, якая ў нашу эпоху ператварылася ў пэўнага кшталту наркотык, а не выраз любові.

Таксама нельга забывацца, што словы Пантыфіка нясуць эканамічную небяспеку многім фармацэўтычным карпарацыям і прадпрыемствам: за прэзерватывы плацяць, а за ўстрыманне і вернасць – не. І тады можна зразумець адкуль паходзіць крытыка Касцёла.









All the contents on this site are copyrighted ©.