2013-08-13 12:15:21

Сусветны кангрэс апостальства Божай міласэрнасці пройдзе ў Калумбіі


RealAudioMP3 У калумбійскай сталіцы Багаце 15-19 жніўня 2014 г. будзе праходзіць 3-ці Сусветны кангрэс апостальства Божай міласэрнасці, паведаміў мясцовы епіскапат. Калумбійскія біскупы спадзяюцца, што гэта падзея паспрыяе вылячэнню ран канфлікту, які доўжыцца тут больш за 60 гадоў. Па словах старшыні аргкамітэта, біскупа Хуліа Эрнанда Гарсія, перад тварам вялікіх праблем, з якімі сутыкаюцца мясцовыя католікі, Кангрэс не можа быць выключна рэлігійнай падзеяй; ён павінен таксама паўплываць на канкрэтную рэальнасць, у якой жыве калумбійскі Касцёл.

Інфармацыя, што форум адбудзецца ў Багаце, была распаўсюджана ў той час, калі трываюць мірныя перамовы паміж калумбійскім урадам і Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі Калумбіі. На працягу ўзброенага канфлікту, які трывае больш за паўстагоддзя паміж уладамі і левымі партызанамі, загінула каля 600 тыс. чалавек.

Першы Сусветны кангрэс апостальства Божай міласэрнасці адбыўся 2-6 красавіка 2008 г. у Рыме, другі – 1-5 кастрычніка 2011 г. у Кракаве.

Па словах старшыні Кангрэса, кардынала Крыстафа Шонборна, арцыбіскупа Венскага, сустрэча ў наступным годзе, гэта выдатная магчымасць для Калумбіі, бо мясцовыя вернікі знаёмыя з пасланнем Божай Міласэрнасці і жывуць згодна з ім.







All the contents on this site are copyrighted ©.