Святы Айцец сустрэўся з італьянскімі і аргентынскімі футбалістамі
Пантыфік сустрэўся
13 жніўня з італьянскімі і аргентынскімі футбалістамі. 14 жніўня на Алімпійскім стадыёне
ў Рыме у 20.45 яны згуляюць таварыскі матч, які стане данінай для вядомага сваім запалам
да футбола папы Францішка. Вітаючы футбалістаў у Клементыйскай зале Апостальскага
палаца, па-італьянску і іспанску, Святы Айцец жартам сказаў, што падчас гэтага матчу
яму будзе цяжка балець толькі за адну з каманд. Ён нагадаў, што гэта будзе таварыскі
матч і папрасіў, каб ён адбываўся сапраўды ў сяброўскай атмасферы. Ён адзначыў, што
ў спорце можна заўважыць шмат вельмі каштоўных рысаў: прыгажосць, шчодрасць, таварыскія
адносіны. Папа заахвоціў, каб нягледзячы на тое, што некаторыя віды спорту сталі вялікім
бізнесам, занятыя ў гэтай сферы пастаянна працавалі, каб захаваць іх спартыўны характар,
які на самой справе адзначаецца бескарыслівасцю.
Францішак назваў футбалістаў
“прыкладам” і “кропкай адліку” для многіх людзей, асабліва маладых. Папа лічыць, што
сваімі паводзінамі і гульнёй яны могуць падтрымаць у моладзі самыя важныя жыццёвыя
каштоўнасці. “Людзі глядзяць на вас. Скарыстайцеся магчымасцю, каб сеяць добрае”,
- заклікаў Святы Айцец і дадаў, што для многіх людзей, якія глядзяць на футбалістаў
з захапленнем, яны “з’яўляюцца мадэллю да лепшага ці да горшага”. Ён папрасіў не забывацца
пра гэта і “даць прыклад адданасці, павагі і альтруізму”. “Я веру ў тое добрае, якое
вы ўсе можаце зрабіць для маладых людзей”, - сказаў Папа італьянскім і аргентынскім
спартсменам.
У заключэнні сваёй прамовы Святы Айцец сказаў, што футбалісты
– гэта перш за ўсё людзі, са сваімі вартасцямі і слабасцямі, з сэрцам і ідэямі, спадзяваннямі
і праблемамі. “Такім чынам, хоць вы і знакамітасці, заўсёды заставайцеся людзьмі ў
спорце і ў жыцці. Людзьмі, якія нясуць гуманізм”, - заклікаў Францішак.
Святы
Айцец паабяцаў двум камандам сваю малітву за ўсіх спартсменаў. Развітваючыся з імі
таксама папрасіў маліцца за яго, каб “на полі, на якім Бог паставіў яго”, ён мог згуляць
сумленны і мужны матч, на карысць усіх нас.