2013-08-13 10:50:26

Рэнэ Брульхарт: празрыстасць ватыканскіх фінансаў будзе гарантавана


RealAudioMP3 Бюро фінансавай інфармацыі – гэта надзейны інструмент у руках папы Францішка, лічыць кіраўнік гэтай ватыканскай структуры Рэнэ Брульхарт. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён прызнаўся, што пасля апошніх рашэнняў Пантыфіка, празрыстасць фінансавых структур будзе гарантавана. Апостальскі ліст, якім Святы Айцец на мінулым тыдні пашырыў кампетэнцыі Бюро фінансавай інфармацыі, Брульхарт расцэньвае як вотум даверу да працы, праведзенай да гэтага часу. На самой справе не змянілася нічога, лічыць швейцарскі юрыст, але распачаўся новы этап за кошт пашырэння паўнамоцтваў ватыканскай наглядальнай структуры, якая здзяйсняй зараз нагляд практычна за ўсёй фінансавай дзейнасцю ў межах Святога Пасаду і Ватыкана. Брульхарт падкрэсліў, што дакумент Папы дае аснову для выканання ўсіх ключавых рэкамендацый “MONEYVAL”.

Вяртанне даверу да ватыканскіх фінансавых структур з’яўляецца, на думку кіраўніка Бюро фінансавай інфармацыі, станоўчым знакам і доказам таго, што ініцыятывы апошніх месяцаў ішлі ў правільным накірунку. “Мы знайшлі правільны шлях, але ёсць яшчэ некалькі крокаў, якія трэба зрабіць”, - сказаў Брульхарт. На яго думку, вырашальным у гэтым працэсе з’яўляецца тое, што былі створаны адпаведныя інструменты, каб скандальныя інцыдэнты больш не паўтарыліся. Эксперт лічыць, што ў фінансавай сферы павінна пераважаць сумленнасць. Тут важныя прэвентыўныя, а не пакаральныя, меры і выхаваўчая праца. Брульхарт перакананы, што ва ўсіх у Ватыкане ёсць жаданне празрыстасці і адкрытасці.

У ліпені 2012 г. Камітэта экспертаў Савета Еўропы “MONEYVAL” адзначыў значыны прагрэс з боку Святога Пасаду і Ватыкана ў прадухіленні магчымасці адмывання грошай. Наступны даклад запланаваны на снежань 2013 г. У сярэдзіне мая Бюро фінансавай інфармацыі прадставіла сваю першую справаздачу па выніках года, у якой паведаміла ў тым ліку і аб падазроных выпадках у фінансавай сферы. З пачатку ліпеня Бюро стала членам “Групы Эгмант”, у якую ўваходзяць фінансавыя разведкі 130 краін свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.