У кастрычніку папа
Францішак прысвеціць свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. З гэтай нагоды ў Ватыкан прыбудзе
статуя Маці Божай Ружанцовай з Капліцы аб’яўленняў у марыйным санктуарыі ў Фаціме.
Падставай будзе Марыйны дзень у рамках “Года веры”, які будзе адзначацца 12 і 13 кастрычніка
2013 г. На заканчэнне, у нядзелю 13 кастрычніка, у 96-годдзе аб’яўленняў у Фаціме,
Святы Айцец прамовіць малітву прысвячэння свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Прасіла
аб гэтым сама Маці Божая ў 1917 г. у Фаціме, і ў першы раз гэта зрабіў папа Пій XII
ў 1942 г.
Арганізатарам Марыйнага дня, аднаго з мерапрыемстваў “Года веры”,
з’яўляецца Папская рада па новай евангелізацыі. У Ватыкан прыбудуць члены некалькіх
сот рэлігійных рухаў і арганізацый, звязаных з марыйнай пабожнасцю. 12 кастрычнік
запланавана іх пілігрымка да магілы св. Пятра ў ватыканскай базыліцы, а на наступны
дзень – св. Імша з удзелам Пантыфіка на плошчы св. Пятра.
У Святога Айца ёсць
моцнае жаданне, каб спецыяльным сімвалам Марыйнага дня быў адзін з самых важных для
хрысціян ва ўсім свеце вобразаў Марыі, прызнаўся старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі
арцыбіскуп Рына Фізікела. Па гэтай прычыне было вырашана, што ў Рым прыбудзе фігура
Маці Божай Фацімскай.
Статуя пакіне санктуарый 12 кастрычніка ў першай палове
дня і вернецца туды на наступны дзень вечарам. У Капліцы аб’яўленняў яе заменіць адна
з першых фігур, якія пілігрымавалі па свеце. З 2003 г. яна захоўваецца ў базыліцы
Маці Божай Ружанцовай у Фаціме. У 96-ю гадавіну аб’яўленняў 12 і 13 кастрычніка ўрачыстасці
ў Фаціме ўзначаліць Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Тарчызіо Бэртонэ.