2013-08-13 14:37:12

Ватыканскі астраном аб місіі ісці на перыферыі


RealAudioMP3 “Я належу да пакалення, якое сфарміраваў скарэй даўнейшы тэлесерыял “Зорны шлях” , чым фільм “Зорныя войны”. А асабліва прыгожымі знаходжу словы, якія апісваюць місію касмічнага карабля “Enterprise”: “Прасякнуць прастору як апошні рубеж, і трапіць туды, дзе яшчэ не было чалавека”. Такое прызнанне можна знайсці ў артыкуле айца Хасэ Фунэса, змешчаным у “L’Osservatore Romano”. Зямляк і субрат цяперашняга Папы з’яўляецца дырэктарам Ватыканскай абсерваторыі.

Аргентынскі езуіт лічыць, што навуковы цэнтр, якім ён кіруе, у пэўным сэнсе выконвае тую ж місію, як і касмічны карабель з культавага серыяла мінулых гадоў. Папа Францішак падчас нядаўняй сустрэчы з езуітамі заклікаў іх да творчых пошукаў. Навука з’яўляецца адным з тых шляхоў, якім члены Таварыства Езуса ішлі на працягу стагоддзяў, адзначыў айцец Фунэс. У сваю чаргу, астраномія таксама адказвае на іншы заклік, скіраваны апошнімі двума Папамі да езуітаў: ісці на перыферыі. У гэтым выпадку гаворка ідзе не толькі аб памежжы пазнання, але і пра “мяжу паміж верай і чалавечымі ведамі, верай і сучаснай навукай, верай і імкненнем да справядлівасці”.

“Місія Ватыканскай абсерваторыі з’яўляецца часткай імкнення да далёкіх перыферый, да, так бы мовіць, апошняга рубежу, бо яна датычыць космасу, напісаў астраном. “Мы глядзім далёка, таму што вывучаем самыя далёкія галактыкі. Але вяртаемся таксама назад, бо навукова аналізуем паходжанне Сусвету”, - сказаў ён.

Папа Францішак дакладна месяц назад сустракаўся з калектывам Ватыканскай абсерваторыі ў Кастэль Гандольфа. Святы Айцец наведаў памяшканні навуковага цэнтру, яго ўнікальную бібліятэку і лабараторыю метэарытаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.