2013-08-12 13:31:37

Францішак да мексіканцаў: захаваць лепшае з духоўнай спадчыны


RealAudioMP3 “Моцным духоўным стымулам для абнаўлення місійнай дзейнасці” назваў папа Францішак святкаванне 200-годдзя пабудовы архікатэдральнага касцёла ў Мехіка. Святы Айцец скіраваў спецыяльнае пасланне з нагоды ўрачыстасцяў, якія пройдуць у мексіканскай сталіцы 15 жніўня. У ім Пантыфік заклікаў вернікаў умацоўвацца ў надзеі, якая нараджаецца дзякуючы веры. Паводле Папы, святкаванне 200-годдзя архікатэдры ў Мехіка, гэта нагода, каб паглядзець у мінулае, умацаваць цяперашняе і падрыхтаваць будучыню. “З гісторыі гэтага касцёла мы можам вынесці ўрок для нашага хрысціянскага жыцця”, - напісаў Францішак і заклікаў вернікаў “захоўваць лепшае з гэтай духоўнай спадчыны”. Ён адзначыў, што ўрачыстасці павінны стаць нагодай для навяртання, “моцным духоўным стымулам да радаснага ўсведамлення, што заданне кожнага ахрышчанага – быць вучнем і місіянерам Хрыста”.

У дадзеным кантэксце Папа нагадаў пра каштоўнасць Эўхарыстыі, з якой “мы атрымліваем сілы, каб сведчыць аб любові Езуса ва ўсіх асяродках, асабліва сярод найбольш няшчасных”. Ён заахвоціў вернікаў “глядзець у будучыню з надзеяй”. “Не дазвольце скрасці вашу надзею!”, - заклікаў Святы Айцец.

Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на важнасць выхавання ў веры моладзі. Ён пажадаў, каб Божае слова, якое абвяшчаецца ў архікатэдральным касцёле, больш укаранялася ў сэрцах дзяцей, юнакоў і дзяўчат, якія з’яўляюцца “брамай радасці і энтузіязма”. “Моладзі мы павінны даць лепшае з таго, што маем: Хрыста, Збаўцу і Сябра, які ніколі не пакіне”, - сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што ў першую чаргу, гэта заданне тычыцца бацькоў, якія павінны разлічваць не толькі на ўласныя сілы, але і на моц малітвы. Святы Айцец даверыў мексіканскі народ матчынай абароне Маці Божай Гвадэлупскай і папрасіў маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.