2013-08-12 11:58:16

Святы Айцец нагадаў бацькам пра іх абавязак адносна сям’і і дзяцей


RealAudioMP3 Пантыфік накіраваў бразільскім вернікам пасланне з нагоды Нацыянальнага тыдня сям’і, які распачаўся ў лацінаамерыканскай краіне 11 жніўня. Францішак спаслаўся на тэму ініцыятывы: “Пераказ і выхаванне хрысціянскай веры ў сям’і”, і заахвоціў бацькоў, каб узялі на сябе “гэту высакародную місію” і сталі “першымі супрацоўнікамі Бога” у гарантаванні добрай будучыні падрастаючым пакаленням. Святы Айцец лічыць, што менавіта бацькі павінны “культываваць практыкаванне веры ў сям’і”, што дапаможа яе развіццю ў дзецях. Бацькі закліканы перадаваць, не столькі словамі, колькі прыкладам, фундаментальную праўду пра жыццё і чалавечую любоў. Гэта асабліва важна ва ўмовах сучаснай культуры, якая “рэлятывізуе” каштоўнасць чалавечага жыцця. Бацькі пакліканы пераказаць сваім дзецям, што жыццё трэба абараняць, прызнаючы яго як дар Божы, для гарантавання будучыні чалавецтва.

Папа Францішак лічыць, што маладое пакаленне павінна вучыцца павазе да дарослых – даглядаць за пажылымі людзьмі, асабліва бабулямі і дзядулямі, “якія з’яўляюцца жывой памяццю народа і пераказчыкамі мудрасці жыцця”. Пантыфік выказаў перакананне, што бразільскія сем’і застануцца “пераканаўчымі вестунамі прыгажосці любові, якую падтрымлівае і сілкуе вера”.

Падчас Нацыянальнага тыдня сям’і ў Бразіліі адбудуцца шматлікія ініцыятывы на ўзроўні дыяцэзій і парафій. Мясцовы епіскапат адзначыў з гэтай нагоды ў пасланні да вернікаў, што сям’я “з’яўляецца адным з самых важных скарбаў Лацінскай Амерыкі і спадчынай усяго чалавецтва”.







All the contents on this site are copyrighted ©.