2013-08-12 11:13:44

Зборныя Італіі і Аргентыны па футболе згуляюць у гонар папы Францішка


RealAudioMP3 14 жніўня ў Рыме, у гонар Святога Айца, пройдзе футбольны матч паміж зборнымі камандамі Італіі і Аргентыны па футболе. Ім будзе афіцыйна адкрыты новы адукацыйны і культурны праект Папскай акадэміі навук пад назвай “Міжнародная адукацыйная сетка паміж школамі ўсіх узроўняў”. Мэта ініцыятывы палягае на стварэнні глабальнай сеткі навучальных устаноў, падзяляючых супольныя мэты і каштоўнасці, такія як: інтэгральнае развіццё вучняў у гармоніі з іх перакананнямі і культурай, спрыянне большай адкрытасці і павазе да іншых, умацаванне супрацоўніцтва і салідарнасці паміж навучэнцамі, выхаванне ў іх грамадсткай і палітычнай свядомасці, увагі да праблем навакольнага асяроддзя, справядлівасці і міру. Трэба адзначыць, што праекты супрацоўніцва паміж школамі былі ініцыяваны ў Аргентыне папам Францішкам, калі ён быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.

На думку аўтараў праекта, футбольны матч паміж зборнымі Італіі і Аргентыны дазволіць прыцягнуць да ініцыятывы вялікую ўвагу грамадскасці. “Сябры папы Францішка, узгадніўшы з ім, пажадалі, каб таварыскі матч паміж зборнымі Італіі і Аргентыны стаў прывілеяванай нагодай для пачатку гэтай ініцыятывы салідарнасці паміж пакаленнямі на карысць новага школьнага братэрства”, - патлумачыў канцлер Папскай акадэміі навук, аргентынскі біскуп Марсэла Санчэс Саронда. У матчы прымуць удзел зоркі сусветнага футболу, у тым ліку Ліянэль Мэсі і Джанлуіджы Буфон.

Каб падрабязней пазнаёміць грамадскасць з мэтамі праекта і яго значэннем, 13 жніўня ў Рыме адбудзецца прэс-канферэнцыя, у якой прымуць удзел прадстаўнікі Папскай Акадэміі навук і зоркі італьянскага і аргентынскага футбола.








All the contents on this site are copyrighted ©.