2013-08-12 12:49:12

Ватыканскі эксперт: меры супраць адмывання грошай у Ватыкане – эфектыўныя


RealAudioMP3 Эксперт Апостальскай Сталіцы па фінансавай празрыстасці, швейцарскі адвакат Рэнэ Брульхарт лічыць, што колькасць “падазронных” фінансавых аперацый, выяўленых у Ватыкане ў 2013 г. павялічылася ў параўнанні з мінулым годам. На думку кіраўніка Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду, гэта кажа аб эфектыўнасці мер, прынятых Святым Пасадам у сферы барацьбы з адмываннем грошай. У інтэрв’ю італьянскай “La Repubblica” Брульхарт нагадаў, што 8 жніўня папа Францішак пашырыў паўнамоцтвы Бюро фінансавай інфармацыі. Да абавязкаў гэтай структуры Апостальскай Сталіцы цяпер належыць здзяйсненне кантролю не толькі за працай Інстытута рэлігійных спраў, больш вядомага як Ватыканскі банк, але усіх дыкастрэрый Святога Пасаду і ўстаноў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Дзяржавы Ватыкан.

Рэнэ Брульхарт лічыць, што выданне Апостальскага ліста папы Францішка адносна барацьбы з фінансавымі злачынствамі цалкам своечасова. “Мы прыйшлі да “motu proprio” працуючы над пашырэннем празрыстасці”, - сказаў ён. Паводле эксперта, пашырэнне кампетэнцый Бюро фінансавай інфармацыі было неабходна, каб гарантаваць стварэнне ўнутры Ватыкана “чыстага і адпавядаючага міжнародным стандартам фінансавага рэжыму”.

Эксперт расказаў, што на шляху да празрыстасці ў ватыканскіх фінансавых структурах на працягу апошніх месяцаў быў асягнуты вялікі прагрэс. Рэнэ Брульхарт нагадаў пра публікацыю справаздачы аб выяўленых злоўжываннях, заключэнні “гістарычных пагадненняў” са структурамі Італіі і ЗША, якія працуюць у сферы барацьбы з фінансавымі злачынствамі, а таксама далучэнне Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду да “Групы Эгмант” – міжнароднага аб’яднання фінансавых разведак. Апошні факт, на яго думку, з’яўляецца прызнаннем сістэматычных намаганняў Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан у сферы выяўлення і барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрырызма.








All the contents on this site are copyrighted ©.