2013-08-12 13:37:44

Біскуп пра драматычную сітуацыю ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы


RealAudioMP3 12 жніўня ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы прайшоў Нацыянальны дзень мальтвы за мір, які быў ініцыяваны рэлігійнымі лідэрамі краіны. Сітуацыя тут застаецца драматычнай, па словах арцыбіскупа Бангі. Сваю Радзіму ён акрэсліў, як “зямлю без правоў і абароны”. Арцыбіскуп Д’еданэ Нцапалаінга даў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Многія людзі збягаюць ад насілля кіруючых мяцежнікаў у лясы. Там яны жывуць, па словах іерарха, адрэзанымі ад дапамогі гуманітарных арганізацый. “Горш за ўсё тым, хто мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе. Гэтыя людзі павінны, як і ўсе астатнія, харчавацца расліннай ежай і выкарыстоўваць карані і расліны, як лекі”, - сказаў арцыбіскуп і дадаў, што зноў і зноў людзі гінуць ад змяіных укусаў.

У краіне практычна няма школ, такім чынам, грамадства губляе сваю будучыню. Многія дабрачынныя арганізацыі вымушаны пакідаць краіну, баючыся нападаў. Паводле іерарха, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка патрабуе не толькі пасылак з ежай. Ён лічыць, што міжнародныя інстытуты прыкладаюць не дастаткова намаганняў для дапамогі ў вырашэнні існуючых праблем.

Пасля захопу ўлады ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы кааліцыяй паўстанцкіх груп у сакавіку 2013 г., гуманітарны крызіс у краіне, адной з самых бедных у свеце, набраў яшчэ большыя памеры. Грамадскае жыццё спынілася. Трэба адзначыць, што каля паловы з 4,5 млн. жыхароў краіны складаюць хрысціяне.







All the contents on this site are copyrighted ©.