2013-08-11 13:22:56

Папа перад “Анёл Панскі”: Божая любоў прыцягвае, як магніт (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Да пастаяннай гатоўнасці да прышэсця Хрыста заклікаў Пантыфік вернікаў, сабраных 11 жніўня на плошчы св. Пятра. Хрысціянін, на думку Францішка, не можа існаваць без “унутранай пільнасці” і глыбокага жадання сустрэць Збаўцу. Любоў да Бога павінна пераважаць усе клопаты жыцця, а святасць – гэта не нейкая недасягальная мэта, звярнуў увагу Папа. Менавіта Божая любоў надае сэнс кожнай дробязі і дапамагае адказваць на вялікія выклікі; яна ніколі не безыменная, заўсёды канкрэтная, бо яе прадметам з’яўляецца Асоба, падкрэсліў Пантыфік. Менавіта гэта любоў фарміруе ўсе аспекты чалавечага жыцця, яна адлюстроўваецца на ўсёй рэальнасці і таму здольная надаць сэнс нават памылкам і цёмнаму боку чалавечага існавання; яна не дазваляе чалавеку заставацца “вязнем зла”.

“У Евангеллі гэтай нядзелі (Лк 12, 32-48), - сказаў Папа - гаворка ідзе аб жаданні канчатковай сустрэчы з Хрыстом, жаданні, якое прымушае нас быць заўсёды падрыхтаванымі, з абуджаным духам, паколькі чакаем гэтай сустрэчы ўсім сваім сэрцам і ўсёй нашай істотай, што з’яўляецца фундаментальным аспектам жыцця. Гэта жаданне мы ўсе маем, відавочна або схавана, у нашым сэрцы. Усе мы носім гэта жаданне ў сэрцы.

Гэта навучанне Езуса важна разглядаць ў яго канкрэтным кантэксце, экзістэнцыяльным, у які Ён змясціў яго. Таму евангеліст Лука паказвае нам Езуса, які ідзе з вучнямі ў Ерузалем, да Пасхі сваёй смерці і ўваскрасення, і выхоўвае іх у гэтым падарожжы, давяраючы тое, што нясе ў сваім сэрцы, самыя глыбокія адносіны, што мае ў душы. Сярод гэтых адносін знаходзіцца адлучанасць ад зямных дабротаў, вера ў провід Айца, і, па сутнасці, унутраная пільнасць, актыўнае чаканне Валадарства Божага. Для Езуса чаканне – гэта вяртанне ў дом Айца. Для нас – гэта чаканне самаго Хрыста, які возьме нас на бясконцае святкаванне, як зрабіў гэта са сваёй Маці, Найсвяцейшай Марыяй, якая была ўзнесена на неба з Ім.

Евангелле кажа нам, што хрысціянін, гэта той, хто носіць у сабе вялікае і глыбокае жаданне сустрэчы са сваім Панам разам з братамі, якія спадарожнічаюць яму. І ўсё гэта, што сказаў Езус, заключаецца ў Яго вядомым выказванні: “Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае” (Лк 12, 34). Сэрца, якое жадае... Ва ўсіх нас ёсць жаданне! Бедныя тыя людзі, якія не маюць жадання! Жаданне рухацца наперад, да гарызонту. А для нас, хрысціян, гэта гарызонт сустрэчы з Езусам, асабістай сустрэчы з Тым, Хто з’яўляецца нашым жыццём, нашай радасцю, Хто робіць нас шчаслівымі.

Але, я хацеў бы задаць два пытанні. Першае: ці ўсе вы маеце сэрца, якое жадае? Падумайце і адкажыце моўчкі ў вашым сэрцы. У цябе сэрца, што мае жаданне, ці закрытае, сэрца якое спіць, знячуленае на патрэбы жыцця? Жаданне, ісці наперад на сустрэчу з Езусам... І другое пытанне: дзе твой скарб, тое, чаго ты жадаеш? Бо Езус сказаў нам: “Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае”, і я пытаюся: “Дзе твой скарб?”. Якая рэальнасць для цябе найважнейшая, больш каштоўная, прыцягваючая сэрца, як магніт? Што прыцягвае тваё сэрца? Магу сказаць, што гэта Божая любоў? Што гэта жаданне рабіць дабро іншым? Жыць для Бога і для нашых братоў? Ці магу я сказаць гэта? Няхай кожны адкажа ў сваім сэрцы.

Але хтосьці можа сказаць мне, ойча, але я той, хто працуе, хто мае сям’ю, для мяне самая важная рэальнасць, весці маю сям’ю, маю працу... Вядома, гэта праўда, гэта важна, але што з’яўляецца той сілай, якая трымае сям’ю разам, што сее любоў у нашым сэрцы? Бог. Божая любоў. Гэта яна надае сэнс дробным штодзённым справам і дапамагае справіцца з вялікімі выпрабаваннямі. Гэта сапраўдны скарб чалавека: ісці па жыцці з любоўю, якую Пан пасеяў у сэрцы, з Божай любоўю. Гэта сапраўдны скарб.

Але што такое Божая любоў? Гэта не нешта няпэўнае, нейкае агульнае пачуццё. У Божай любові ёсць імя і твар: Езус Хрыстус. Божая любоў праяўляецца ў Езусе, таму мы не можам любіць паветра (...) Мы любім Асобу, і гэта Асоба – Езус, дар Айца сярод нас. Гэта любоў, якая дае каштоўнасць і прыгажосць ўсяму іншаму, дае моц сям’і, працы, вучобе, сяброўству, мастацтву, любой чалавечай дзейнасці. Яна таксама надае сэнс адмоўнаму досведу, бо дазваляе нам ісці праз гэты досвед, ісці наперад, не заставацца вязнямі зла; гэта прымушае нас рухацца далей, заўсёды адкрывае надзею. Менавіта, Божая любоў у Хрысце заўсёды адкрывае надзею, гарызонты надзеі, апошні гарызон нашай пілігрымкі. Такім чынам, намаганні і падзенні атрымліваюць сэнс. Таксама і нашы грахі атрымліваюць сэнс у Божай любові, бо Божая любоў у Езусе Хрысце заўсёды прабачае, любіць нас настолькі, што прабачае заўсёды.

Дарагія браты, сёння ў Касцёле мы адзначаем успамін св. Клары Асізскай, якая па прыкладу Францішка пакінула ўсё, каб прысвяціць сябе Хрысту ў беднасці. Няхай св. Клара будзе цудоўным сведчаннем для нас аб сённяшнім Евангеллі: дапаможа нам, разам з Паннай Марыяй, жыць паводле свайго паклікання”, - сказаў Святы Айцец перад малітвай “Анёл Панскі”.

Пасля марыйнай малітвы Папа благаславіў усіх пілігрымаў, сабраных на плошчы перад ватыканскай базылікай. Пантыфік прывітаў групу моладзі з амерыканскага Чыкага, якая прыбыла ў Рым з пілігрымкай. Ён запрасіў маладых людзей быць сапраўднымі вучнямі Хрыста ў сучасным свеце.







All the contents on this site are copyrighted ©.