2013-08-11 10:07:20

Ватыканскі кардынал наблізіў “вернікам з касцёльнай лаўкі” навучанне Пантыфікаў


RealAudioMP3 Кардынал Рэйманд Лео Бёрк напісаў кнігу аб Эўхарыстыі. Як прызнаўся сам аўтар, выданне пад назвай “Божая любоў сталася целам”, гэта своеасаблівы дапаможнік для сучасных вернікаў у разуменні святой Эўхарыстыі. Прэфект Апостальскай Сігнатуры, вышэйшая судовая інстанцыі Касцёла, нездарма звярнуўся да выдадзенай у 2003 г. Янам Паўлам ІІ энцыклікі “Ecclesia de Eucharistia” і ўбачыўшага свет у 2007 г. апостальскага ліста Бэнэдыкта XVI “Sacramentum Caritatis”, паколькі Эўхарыстыя злучае ўсе сакрамэнты і з’яўляецца цэнтрам жыцця католіка.

Кніга разлічана на “чалавека з касцёльнай лаўкі”, тыповага католіка, з надзеяй дапамагчы яму зразумець папскае навучанне аб Эўхарыстыі. Яна хоча абвергнуць стэрэатып, што энцыклікі пішуцца толькі для іерархіі або інтэлігенцыі, патлумачыў Томас Маккена, ініцыятар выдання каментара. Ён прызнаўся, што кніга была напісана на яго ўласную просьбу. Актыўны дзеяч руху “Каталіцкая акцыя” падышоў аднойчы да кардынала Бёрка, з якім ён сябруе, і сказаў, што такі каментар быў бы карысным для многіх вернікаў. Іерарх пагадзіўся напісаць яго. Маккенна падкрэсліў, што кніга больш “катэхетычная”, чым “тэалагічная”.

“Божая любоў сталася целам” вырасла з серыі артыкулаў кардынала, напісаных у часы, калі ён быў арцыбіскупам Сэнт-Луіс, дзе ён тлумачачыў вернікам розныя аспекты энцыклікі Яна Паўла ІІ. Будучы добрым катэхізатарам, кардынал Бёрк паказаў сувязь паміж літургіяй і новай евангелізацыяй, а таксама растлумачыў сапраўднае значэнне “актыўнага ўдзелу” у Эўхарыстыі, звязанага не з нейкім “дзеяннем”, як прынята лічыць, але, хутчэй, з “духоўным яднаннем са святаром”.

Выдаўца распавёў, што многія людзі, шмат з якіх пажылыя, прызналіся, што, пражыўшы ўсё сваё жыццё як католікі, толькі ў гэтай кнізе адкрылі моманты, звязаныя з верай, пра якія яны ніколі дагэтуль не чулі.

У прадмове да кнігі кардынал Бёрк напісаў пра важнасць новай евангелізацыі, адзначыўшы, што менавіта праз удзел у Эўхарыстыі вернік лепш за ўсё можа зразумець, што павінен зрабіць, каб рэалізаваць новую евангелізацыю, а менавіта – весці жыццё ў камуніі з Хрыстом.







All the contents on this site are copyrighted ©.