2013-08-10 14:17:26

Новы пасол хоча пашырыць узаемаразуменне паміж ЗША і Святым Пасадам


RealAudioMP3 Новы пасол Злучаных Штатаў пры Святым Пасадзе ўсведамляе, што пазіцыя адміністрацыі Абамы відавочна адрозніваецца ад пазіцыі Апостальскай Сталіцы па шматлікіх пытаннях, але ён упэўнены, што трэба “знайсці ў сабе сілы для супрацоўніцтва” і пошуку тых сфер, дзе інтарэсы супадаюць. “Рэальна змяніць сітуацыю”, - лічыць новы пасол. Амерыканскі Сенат 1 жніўня зацвердзіў кандыдатуру Кэна Хакета на пасадзе пасла ЗША пры Святым Пасадзе. Дыпламат на працягу 40 гадоў працаваў у “Catholic Relief Service” (амерыканскім аналагу “Caritas”), і на працягу 9 гадоў кіраваў арганізацыяй. З 1996 г. па 2011 г. ён быў членам Папскай рады “Cor Unum”.

На думку Хакета амерыканцы падтрымліваюць пазіцыю папы Францішка па змене адносін свету да праблемы беднасці і сацыяльнай несправядлівасці. Заклапочанасць і спачуванне да бедных, годнасць і святасць асобы, гэта блізкія для грамадства Злучаных Штатаў рэчы, лічыць ён. Дыпламат дадаў, што яго праца ў савеце карпарацыі “Millennium Challenge”, якая была створана амерыканскім кіраўніцтвам для працы з самымі беднымі ў свеце краінамі, дала яму “адмысловы погляд” на праблемы, якія стаяць перад такімі краінамі.

Пасол упэўнены, што дыпламатычныя абавязкі не перашкодзяць яму ўтрымліваць кантакт са шматлікімі беднымі людзьмі з розных краін свету, з якімі ён пазнаёміўся падчас сваёй працы ў каталіцкай дабрачыннай арганізацыі. “Я хачу аднавіць гэтыя адносіны і выкарыстаць іх, каб палепшыць палітыку ЗША”, - сказаў Хакет амерыканскай “CNS”.







All the contents on this site are copyrighted ©.