2013-08-10 10:21:07

Кардынал Каспер пра перспектывы Касцёла


RealAudioMP3 Касцёл апынуўся сёння ў цалкам новай сітуацыі, лічыць нямецкі кардынал Вальтэр Каспер, старшыня на пенсіі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і вядомы тэолаг. Зараз вялікай праблемай з’яўляецца не толькі матэрыяльная беднасць, але і адзінота і ізаляцыя, “унутраная пустата і разбурэнне”, - сказаў іерарх у сваёй гаміліі падчас св. Імшы ў Фрайбургу з нагоды 75-гадовага юбілею арцыбіскупа Роберта Цоліча, старшыні нямецкага епіскапату. Кардынал Каспер выказаў удзячнасць за ўклад юбіляра ў Касцёл, які служыць, слухае і пілігрымуе. Ён падкрэсліў, што ў розных галінах жыцця “супольнасці веры” адчуваецца “дух і рука” іерарха-юбіляра, біскупскі дэвіз якога: “У супольнасці веры”, спадарожнічаў яму на розных этапах жыцця.

Ватыканскі кардынал адзначыў, што Касцёл не з’яўляецца арганізацыяй, апаратам або кампаніяй людзей з агульнымі інтарэсамі. Касцёл, паводле аднаго з найстарэйшых яго азначэнняў – гэта супольнасць вернікаў, пакліканая слухаць Божае слова і сведчыць аб ім, нагадаў іерарх. Ён дадаў, што камунія ў веры павінна стаць місіяй для веры.

Спасылаючыся на навучанне папы Францішка кардынал Каспер сказаў, што Касцёл павінен дацягнуцца да самага далёкага месца чалавечага існавання, і звярнуў увагу, што ў гэтым кантэксце гаворка ідзе аб “выразнай пазіцыі на карысць чалавека”. Таму неабходна “добрае сэрца, трапнае адчуванне і дабрыня да тых, хто знаходзіцца далёка”, - сказаў кардынал Каспер. Ён адзначыў, што актуальны перыяд для Касцёла “вельмі цікавы і поўны выклікаў”.

“Многія людзі не бачаць перад сабой надзейнай будучыні, многія, асабліва маладыя, шукаюць кірунку. Мы пастаянна чуем аб разбітых сем’ях, няпростых біяграфіях, няўдалым жыцці”, - сказаў тэолаг. Таму, на яго думку, Касцёл павінен паслухаць папу Францішка і ісці на перыферыю чалавечага існавання, павінен стаць Касцёлам, які слухае, павінен паспрабаваць зірнуць на свет вачыма іншых людзей і быць Касцёлам міласэрным.

“Кожны з нас, таксама і мы, біскупы, спадзяёмся на Божую міласэрнасць і на міласэрнасць іншых людзей”, - адзначыў былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. На яго думку, сённяшні Касцёл не можа вярнуцца да мадэлі хатняга Касцёла першых стагоддзяў хрысціянства, але і не павінен штучна падтрымліваць мадэль “народнага” Касцёла апошніх двух стагоддзяў.







All the contents on this site are copyrighted ©.