Пантыфік да “Рыцараў Калумба”: сведчыць аб прыгажосці і ісціне чалавечай сексуальнасці
Святы Айцец пераказаў
“сваё цёплае прывітанне” і “малітоўную блізкасць” удзельнікам 131-ага з’езду членаў
дабрачыннай арганізацыі “Рыцары Калумба” – самай буйной у свеце супольнасці свецкіх
вернікаў – які ў гэтыя дні праходзіў у амерыканскім Сан-Антоніа. Папа Францішак выказаў
павагу да ідэалаў веры і братэрства, увасобленых у шматлікіх справах міласэрнасці
і евангельскага сведчання “Рыцараў Калумба”. У першыя месяцы свайго пантыфікату Пантыфік
атрымаў вялікую колькасць паведамленняў аб малітоўнай падтрымцы і духоўнай салідарнасці
з боку членаў асацыяцыі, гаворыцца ў пасланні, падпісаным 8 жніўня кардыналам Дзяржсакратаром
Тарчызіо Бэртонэ.
Папа быў рады даведацца, што тэма сёлетняга форуму – “Быць
абаронцамі Божых дароў” – была ўзята з яго гаміліі на інаўгурацыйнай св. Імшы, якая
прайшла ва ўрачыстасць св. Юзафа. Францішак бачыць у гэтым глыбокую сімволіку, бо
і “Рыцары Калумба”, так, як апякун Святой сям’і, адзначаюцца сціпласцю, мужнасцю,
сумленнасцю і вернасцю ў пераказе новым пакаленням каталіцкіх мужчын дару веры. У
гэтым асноўная мэта асацыяцыі, заснаванай у канцы дзевятнаццатага стагоддзя – матэрыяльны
і духоўны дабрабыт працоўных і іх сем’яў, годнасць працы, сацыяльная справядлівасць
і пашырэнне місіі Касцёла. “Рыцары”, на думку Святога Айца, працягваюць адыгрываць
выдатную ролю ў аказанні дапамогі каталіцкім мужчынам быць абаронцамі стварэння і
Божага плану, упісанага ў прыроду.
Францішак, “усведамляючы асаблівую адказнасць,
якую свецкія вернікі маюць перад місіяй Касцёла”, запрасіў кожнага рыцара “сведчыць
аб сапраўднай прыродзе сужэнства і сям’і, святасці і недатыкальнай годнасці чалавечага
жыцця, і прыгажосці і ісціне чалавечай сексуальнасці”. На думку Папы, гэта важна асабліва
сёння, у час хуткіх сацыяльных і культурных перамен. Ён падзякаваў “Рыцарам Калумба”
за іх грамадскую пазіцыю ў адстойванні права і абавязку вернікаў удзельнічаць у жыцці
грамадства. Святы Айцец папрасіў кожнага рыцара распаліць праз асабістую малітву,
катэхізацыю і справы міласэрнасці, святло веры - Lumen Fidei – “якое пашырае гарызонты
і адкрывае сэрцы любові”.
Дабрачынная арганізацыя “Рыцары Калумба” была заснавана
ў 1882 г. У яе, акрамя міліёнаў свецкіх вернікаў, уваходзяць больш за 100 іерархаў,
сярод якіх 11 кардыналаў. На працягу мінулага года “Рыцары Калумба” сабралі рэкордную
колькасць ахвяраванняў – 167,5 млн. долараў ЗША. Акрамя таго, члены арганізацыі, якіх
ва ўсім свеце 1,8 млн., прысвяцілі служэнню патрабуючым каля 70 млн. гадзін. У мінулым
годзе адчыніліся два новых аддзяленні асацыяцыі: у Літве і Украіне.