2013-08-09 14:04:10

Касцёл у Аргентыне супраць злоўжывання вобразам папы Францішка


RealAudioMP3 Рэзкай крытыцы за выкарыстанне вобразу папы Францішка падчас выбарчай кампаніі ў Аргентыне падверг кіруючую партыю “Фронт за перамогу” арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Марыа Полі. Фотаздымкі Пантыфіка віднеюцца паўсюль ў Аргентыне на перадвыбарчых плакатах. “Папа не хацеў бы, каб усё заканчвалася на плакатах, але, каб яго пасланне было пачута”, - сказаў наступнік кардынала Берголіа падчас урачыстасцяў у санктуарыі св. Каетана у сталічным прыгарадзе.

Папа змешчаны на плакатах разам з асноўным кандыдатам кіруючай у Аргентыне партыі Марцінам Ісаўральдэ і прэзідэнтам Крысцінай Фернандэс дэ Кіршнэр, якія сустракаліся з Пантыфікам на Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Апрача таго на плакатах выкарыстаны словы Францішка. Апазіцыя ўжо абвясціла аб прымяненні юрыдычных працэдур, каб прадухіліць несанкцыянаванае выкарыстанне вобразу Папы ў палітычных мэтах.

Арцыбіскуп Полі заклікаў прыкладаць больш намаганняў для “культуры сустрэчы”, тым больш, што ў Аргентыне шмат чаго не адпавядае ёй. Іерарх спаслаўся на відэа-зварот папы Францішка, які быў скіраваны да аргентынцаў у мінулую сераду. У ім Святы Айцец запрасіў фарміраваць “культуру сустрэчы”, асабліва ў кантэксце “сямейных бязладзіц”, “праблем у асяроддзі” і “непрыемнасцяў на працы”.







All the contents on this site are copyrighted ©.