2013-08-07 14:15:46

Францішак наведаў магілу свайго папярэдніка


RealAudioMP3 Папа Францішак наведаў 6 жніўня магілу Паўла VI у ватыканскіх гротах, пад базылікай св. Пятра, у 35-ю гадавіну смерці Пантыфіка, які скончыў працы ІІ Ватыканскага Сабору. Затым Святы Айцец сустрэўся на плошчы перад Домам св. Марты з групай маладых людзей з італьянскай дыяцэзіі Брэшыа, якія прыбылі ў Рым з пілігрымкай. Моладзь ішла ў Вечны горад пешшу на працягу тыдня, каб такім чынам ушанаваць гадавіну смерці свайго вялікага земляка. 6 жніўня ў базыліцы св. Пятра прайшла св. Імша з гэтай нагоды, якую ўзначаліў біскуп Бергама Франчэска Бэскі.

Францішак у чэрвені 2013 г. ужо сустракаўся з пілігрымамі з італьянскай Брэшыі, якія адзначалі ў Рыме 50-ю гадавіну абрання Паўла VI на Пасад св. Пятра. У той час Святы Айцец падкрэсліў, што любоў да Хрыста, Касцёла і чалавека – гэта тры фундаментальныя рысы, якія характарызавалі Паўла VI. Апошні, на думку Пантыфіка, адчуваў глыбокае жаданне абвяшчаць Хрыста – “фундамент усяго” і “цэнтр гісторыі і свету”. Францішак нагадаў, што Павел VI хацеў бачыць Касцёл адкрытым і місійным, ён меў любоў да людзей, якая была звязана з яго любоўю да Хрыста. Менавіта гэта, на думку Папы, падштурхоўвала Паўла VI сустракаць чалавека, паважаць, пазнаваць і служыць яму. Павел VI лічыў Касцёл “слугой чалавецтва”, і гэта, паводле папы Францішка, актуальна таксама і сёння.

Павел VI (да інтранізацыі – кардынал Джавані Батыста Энрыка Антоніа Марыя Манціні) нарадзіўся 26 верасня 1897 г. у Сарэцца, правінцыя Брэшыа. Пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра 21 чэрвеня 1963 г. правёў асноўную частку ІІ Ватыканскага Сабору. Ён стаў першым Пантыфікам, які наведаў усе пяць кантынентаў. Сярод найбольш важных візітаў Паўла VI была сустрэча з Патрыярхам Канстантынопальскім Афінагорам ў 1964 г., першая з 1054 г., падчас якой была падпісана сумесная дэкларацыя аб зняцці ўзаемных экскамунік, і спатканне з архіепіскапам Кентэрберыйскім Майклам Рамзаем.







All the contents on this site are copyrighted ©.