Папа на Сусветны дзень місій: моц веры праяўляецца ў здольнасці перадаваць яе
Моц нашай веры вымяраецца
здольнасцю перадаваць яе іншым, жыць ёй у любові, сведчыць перад тымі, каго сустракаем
і хто падзяляе з намі жыццёвы шлях, лічыць папа Францішак. 6 жніўня Святы Айцец скіраваў
пасланне на Сусветны дзень місій, які сёлета будзе адзначацца 20 кастрычніка. У ім
Пантыфік нагадаў, што вера – гэта дар, які нельга захоўваць толькі для сябе, якім
трэба дзяліцца. Паводле Папы, “місійны запал з’яўляецца праявай сталасці хрысціянскай
супольнасці”. “Супольнасць з’яўляецца “дарослай”, калі вызнае веру, з радасцю святкуе
яе ў літургіі, жыве любоўю і бесперапынна абвяшчае Божае слова, выходзячы за ўласныя
межы і несучы яго на “перыферыі”, у першую чаргу тым, хто яшчэ не меў магчымасці пазнаць
Хрыста”, - напісаў Папа.На думку Францішка, місійная дзейнасць з’яўляецца не другасным,
а першасна важным заданнем для кожнага хрысціяніна, незалежна ад месца яго пражывання
і роду заняткаў, таму што “місійнасць тычыцца ўсіх аспектаў хрысціянскага жыцця”.
Адначасова
Папа падкрэсліў, што кожны евангелізатар павінен памятаць пра адзін фундаментальны
прынцып: нельга абвяшчаць Хрыста без Касцёла. “Евангелізацыя ніколі не можа быць ізаляваным
актам, індывідуальным, прыватным, але заўсёды касцёльным”, - напісаў Святы Айцец.
Ён патлумачыў, што “гэта дае місіі сілу і дазваляе кожнаму місіянеру і евангелізатару
адчуваць што ён не самотны, але з’яўляецца часткай адзінага Цела, натхнёнага Святым
Духам”.
Францішак нагадаў, што перад абліччам шматлікіх праблем, канфліктаў
і цяжкасцяў, якія перажывае сучасны свет, чалавек мае патрэбу ў “надзейным святле,
што асвеціць яго шлях”, “якое можа падарыць толькі Хрыстус”. “Будзем несці ў гэты
свет надзею, што паходзіць ад веры, праз наша сведчанне і любоў! Місійная дзейнасць
Касцёла – гэта не празелітызм, але сведчанне аб жыцці, якое асвятляе шлях, нясе надзею
і любоў”, - адзначыў Папа.
Святы Айцец звярнуў увагу на неабходнасць узаемадзеяння
паміж мясцовымі Касцёламі ў розных рэгіёнах, на важнасць дапамогі больш “маладым Касцёлам”
і заданне апошніх, дзяліцца свежасцю веры з Касцёламі са старажытнай хрысціянскай
традыцыяй.
Не засталіся па-за ўвагай Пантыфіка і хрысціяне, якія сустракаюцца
з цяжкасцямі ў вызнаванні веры. “Хачу запэўніць, што я малітоўна блізкі да людзей,
сем’яў і супольнасцяў, якія пакутуюць ад насілля і неталерантнасці, і паўтараю суцяшаючыя
словы Езуса: “Будзьце адважнымі, Я перамог свет”, - напісаў Святы Айцец у сваім пасланні
на Сусветны дзень місій.