2013-08-07 12:15:57

Ватыканскі кардынал на буйным літургічным кангрэсе


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох прымае ўдзел у Міжнародным літургічным кангрэсе, які праходзіць у гэтыя дні ў нямецкім Вюрцбургу. Каля 300 тэолагаў з усяго свету сабраліся ў “Новым універсітэце” горада, каб разважаць і дыскутаваць на тэму: “Літургічныя рэформы ў Цэрквах”. Арганізатарам выступіла міжнародная экуменічная арганізацыя “Societas Liturgica”. Матывам для сустрэчы стала 50-я гадавіна выдання Канстытуцыі аб літургіі ІІ Ватыканскага Сабору “Sacrosanctum Concilium”, якая падштурхнула Касцёл да далёка ідучых рэформ.

Кангрэс пачаўся 5 жніўня вячэрнім экуменічным набажэнствам у катэдральным касцёле Вюрцбурга, у якім прынялі ўдзел мясцовы каталіцкі біскуп Фрыдгельм Хофман, Евангеліцка-лютэранскі епіскап Хайнрых Бэдфард-Штром і епіскап Евангеліцка-метадысцкай Царквы Розэмары Вэннэр. Падчас казання біскуп Хофман звярнуў увагу на хрост, які звязвае хрысціян усіх канфесій. Рэформа ў Касцёле – гэта не “акадэмічная гульня ў бісер”, заявіў каталіцкі біскуп, мэта касцёльных рэформ – праз розныя формы адарацыі пранікнуць у глыбіню веры.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох выступіць на кангрэсе з дакладам. У рамках форума прагучаць у цэлым каля 100 выступленняў на нямецкай, англійскай і французскай мовах. Асноўнай іх тэмай стануць літургічныя рэформы, ініцыяваныя II Ватыканскім Саборам. Гаворка пойдзе пра гістарычны і эклезіялагічны кантэкст рэформ, іх крыніцы, тэалагічную аснову, культуру і мову, а таксама іх уздзеянне на касцёльную архітэктуру і мастацтва.







All the contents on this site are copyrighted ©.