“100 пытанняў – 100 адказаў”. Чым славуты першы кардынал ВКЛ?
31 ліпеня папа Францішак
наведаў галоўную святыню ордэна езуітаў – знакаміты рымскі касцёл Найсвяцейшага Імя
Езуса, больш вядомы як “Іль-Джэзу”. Тут Святы Айцец, які сам з’яўляецца езуітам, меў
магчымасць сустрэцца і паразмаўляць са сваімі субратамі, цэлебраваць Эўхарыстыю і
памаліцца каля рэліквій св. Ігнацыя Лаёлы. Трэба адзначыць, што касцёл “Іль-Джэзу”
з’яўляецца сапраўдным “пантэонам” Таварыства Езуса. Акрамя, заснавальніка ордэна,
тут пахаваны св. Францішак Ксаверый і св. Джузэппэ Піньятэлі, а таксама захоўваюцца
рэліквіі многіх іншых езуітаў, узнесеных да хвалы алтара. Сярод іх, у капліцы Найсвяцейшай
Тройцы, знаходзіцца рэліквія св. Андрэя Баболі, езуіта і місіянера, які ў XVII cт.
быў да смерці замучаны казакамі ў Янаве Палескім (сёння п. Іванава ў Брэскай вобласці).
Але
гэта яшчэ не ўсё. У правай наве касцёла, перад уваходам у капліцу Найсвяцейшага Сэрца
Езуса, увагу пілігрыма з Беларусі можа прыцягнуць знаёмая выява: на мармуровай надмагільнай
пліце, размешчанай на падлозе, намаляваны тры паляўнічыя трубы – герб роду Радзівілаў.
Каля гербу ёсць надпіс па лацінску, у якім сказана, што тут пахаваны кардынал-прэзбітэр
касцёла св. Сікста Юры Радзівіл, біскуп Кракаўскі, князь Алыкскі і Нясвіжскі.
Сапраўды,
у касцёле “Іль Джэзу” пахаваны буйны рэлігійны дзеяч з Вялікага Княства Літоўскага,
кардынал Юры Радзівіл – першы кардынал у гісторыі нашай старадаўняй дзяржавы. Кім
ён быў і чым праславіўся ў гісторыі Касцёла мы высветлім у нашай сённяшняй праграме?
Юры
Радзівіл нарадзіўся ў Лукішках каля Вільні ў 1556 г. Яго бацькам быў Мікалай Радзівіл
Чорны – ваявода віленскі, славуты дзеяч Рэфармацыі і абаронца кальвінізму. Менавіта
таму сваю першую адукацыю будучы кардынал атрымліваў у кальвініскіх школах Вільні
і Нясвіжа.
Затым бацька адправіў маладога шляхтіча на вучобу ў нямецкі Лейпцыг
– адзін тагачасных з цэнтраў пратэстантызма. У мясцовым універсітэце Юры Радзівіл
вывучаў права. Адначасова ён са сваім старэйшым братам Мікалаем Крыштафам, служыў
пры двары караля Жыгімонта Аўгуста і ім неаднойчы даводзілася выконваць розныя дыпламатычныя
заданні. Але Юры адчуваў, што права і дыпламатыя, гэта не зусім тыя сферы, якім ён
хацеў бы прысвяціў сваё жыццё.
Канчатковае рашэнне пра сваю будучыню ён прыняў
у 1574 г., калі пачуў казанні знакамітага езуіта Пятра Скаргі – заснавальніка і першага
рэктара Віленскай езуіцкай акадэміі, якая затым стала Віленскім універсітэтам. Юры
Радзівіл пакінуў кальвінізм і ў прысутнасці славутага прапаведніка прыняў каталіцтва.
Каб паглыбіць сваю веру і веды пра сваю новую канфесію, ён вырашыў працягнуць вучобу
ў самым цэнтры Каталіцкага Касцёла – Рыме. Тут ён спачатку вучыўся прыватна, а затым
у Папскім грыгарыянскім універсітэце і Рымскім езуіцкім калегіуме.
Трэба адзначыць,
што як раз у гэты перыяд у Рыме адбывалася сапраўднае духоўнае адраджэнне. У горадзе
жылі і працавалі дзесяткі людзей, якія ўжо пры жыцці лічыліся святымі, а пасля смерці
былі ўзнесены да хвалы алтара. Сярод іх, такія вядомыя постаці, як св. Філіп Нэры,
св. Луіджы Ганзага, св. Роберт Белармін. Апошні, дарэчы, выкладаў у Рымскім калегіуме,
у якім вучыўся Юры Радзівіл. Атмасфера Вечнага горада, ззянне святасці і народнай
пабожнасці не маглі не аказаць уплыву на яго. Ён сам вылучаўся глыбокай верай і любоўю
да бедных, некалькі разоў здзяйсняў пілігрымкі да гроба св. Якуба ў Санцьяга дэ Кампастэла.
Вярнуўшыся ў Вільню, Юры Радзівіл актыўна ўключыўся ў контрарэфармацыю. Ён
быў прызначаны Віленскім біскупам-каад’ютарам, а затым пераняў віленскую кафедру,
не маючы святарскіх і біскупскіх пасвячэнняў. Ён атрымаў іх у 1583 г.
Юры Радзівіл
увёў цэнзуру, каб ачысціць горад ад кальвінісцкай літаратуры, а ў 1582 г., на ўласныя
грошы, адчыніў Віленскую духоўную семінарыю – першую семінарыю у ВКЛ і другую вышэйшую
навучальную установу ў краіне, пасля Віленскага універсітэта. На першы год навучання
было прынята 12 семінарыстаў. Адукацыйны працэс біскуп Юры Радзівіл даверыў айцам
езуітам. Адкрыццё семінарыі ў той час, было вельмі прагрэсіўным крокам, таму што
дэкрэт аб абавязковай адукацыі святароў у семінарыях быў выдадзены толькі падчас Трыдэнцкага
Сабору ў 1560-я гг.
У 1583 г. Папа надаў Радзівілу кардынальскую годнасць
і праз тры гады з рук папы Сікста V атрымаў пурпурны кардынальскі берэт.
Менавіта
ў гэты перыяд у барацьбу з кальвінізмам у Нясвіжы актыўна уключыўся яго старэйшы брат
Мікалай Крыштаф Радзівіл. Ён запрасіў у сваё радавое мястэчка езуітаў і спецыльяна
для іх пачаў будаўніцтва новага мураванага касцёла. Праектам будучай святыні зацікавіўся
і біскуп Віленскі Юры Радзівіл. Пасля доўгага абмеркавання і вяртання апошняга з Рыму
было вырашана, што пабудаванае трэба разабраць і пачаць новае будаўніцтва па іншым
праекце.
Прычынай такога рашэнне не была якасць пабудовы ці яе памеры, але
імкненне “ісці нага ў нагу” з тагачаснымі тэндэнцыямі ў сакральнай архітэктуры. Справа
ў тым, што ўзорам для ўсіх каталіцкіх храмаў той эпохі быў рымскі касцёл езуітаў “Іль-Джэзу”,
які Юры Радзівіл мог пабачыць у Вечным горадзе ў 1586 г. У Нясвіжы было вырашана пабудаваць
яго паменшаную копію. Праз год пасля свайго вяртання на Радзіму, 14 верасня 1587 г.
Юры Радзівіл асвяціў краевугольны камень будучага касцёла Божага Цела ў Нясвіжу, які
існуе да сённяшняга сёння і з’яўляецца сапраўднай архітэктурнай пярлінай Беларусі.
Праз
некалькі гадоў пасля гэтага Юрый Радзівіл быў прызначаны Біскупам Кракаўскім. Некалькі
разоў Папа давяраў яму ў якасці легата прадстаўляць Апостальскую Сталіцу пры розных
еўрапейскіх каралеўскіх дварах. У 1600 г. ён быў запрошаны ў Вечны горад на святкаванне
вялікага юбілею хрысціянства. Падчас гэтага падарожжа ён захварэў і памёр. За дзень
да смерці, яго наведаў папа Клемент VIII. За асаблівыя заслугі перад Касцёлам было
вырашана пахаваць яго ў самай галоўнай святыні езуітаў – рымскім касцёле “Іль-Джэзу”.
Такі след у гісторыі каталіцтва на нашых землях пакінуў першы кардынал у ВКЛ, князь
Алыкскі і Нясвіжскі Юры Радзівіл.