2013-08-06 14:31:43

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Ці вінаваты Рым ў разрыве Лютэра з каталіцтвам?


RealAudioMP3 Існуе такі міф: маўляў, Марцін Лютэр вырашыў разарваць адносіны з каталіцтвам пасля свайго падарожжа у Рым. Нібыта будучы рэфарматар быў настолькі негатыўна ўражаны распустай і злоўжываннямі, якія панавалі ў сэрцы Каталіцкага Касцёла, што больш не мог сябе атаясамліваць з ім. Ці сапраўды гэта так? Паспрабуем разабрацца ў сённяшняй праграме.

Марцін Лютэр наведаў Вечны горад нямногім больш за 500 гадоў таму – у часы пантыфікату Юлія ІІ (1503-1513). Гэты Папа актыўна спрыяў таму, каб горад адкрыўся на культуру Адраджэння. Ён заснаваў Ватыканскія музеі, дзе была прадстаўлена вялікая калекцыя антычнай скульптуры. Па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва новай базылікі св. Пятра на Ватыканскім пагорку. Рафаэль працаваў над фрэскамі ў апартаментах Святога Айца, а Мікеланджэла штодзённа падымаўся па рыштаваннях Сікстынскай капэлы.

Не менш увагі надавалася развіццю навукі. Была паскорана рэканструкцыя Рымскага ўніверсітэта, абноўлены метады выкладання – прафесары былі абавязаны абмяркоўваць са студэнтамі тэмы лекцый. З’явілася друкарня, у якой выдаваліся кнігі не толькі па-лацінску, але і па-яўрэйску і грэцку. Шырокае распаўсюджанне атрымала духоўная літаратура. У Ватыканскай бібліятэцы ў той перыяд ужо налічвалася каля 4 тыс. выданняў. Па ініцыятве Папы ўдасканальвалася праца органаў мясцовага кіравання і ўзровень грамадскага парадку, паляпшалася сістэма дапамогі хворым і бедным.

Гаворачы пра духоўнае і маральнае жыццё Вечнага горада ў XVI ст. гісторыкі адзінадушна кажуць аб поўным пагружэнні вярхоў грамадства і Касцёла ў свецкае жыццё: яны акружалі сябе непамернай раскошай, вялі амаральны і легкадумны лад жыцця. Многія святары і законнікі бралі з іх прыклад. Аднак варта задацца пытаннем: наколькі шырокімі былі колы, ўцягнутыя ў гэту дэградацыю, колькі людзей ёй заразілася?

І тут узнікаюць сумненні. Нам вядома, што менавіта ў гэтыя перыяд як ніколі шмат людзей прысвячалі сваё жыццё клопату пра бедных і хворых, адкрывалася велізарная колькасць кляштараў і рэлігійных брацтваў. У Італіі ў перыядам з 1503 па 1510 гг. жылі каля 20 асоб, якія затым былі абвешчаны Касцёлам святымі. Адкуль маглі узнікнуць тыя шматлікія і годныя праявы святасці ў такім распусным грамадстве? У такой перспектыве Рым падаецца іншым, бо ніводзін святы не жыве ў поўнай ізаляцыі, у маральнай і рэлігійнай пустыні, ніякім чынам не кантактуючы з тым асяродзем і месцам, з якога выйшаў і ў якім дае сваё сведчанне.

Адначасова трэба быць вельмі асцярожнымі ў адносінах да тагачасных гістарыяграфічных крыніцаў: часта крытыка Касцёла была перабольшана рэфармісцкай рыторыкай. Не трэба забывацца пра тое, што парок заўсёды крычыць, а дабрадзейнасць сціпла працуе.

Улічваючы вышэй сказанае можна сцвердзіць, што Рым эпохі Адраджэння, быў не такім ужо і нізкім і далёкім ад хрысціянства, як гэта хочуць прадставіць многія крытыкі. Побач са злом і грахом тут існавала сапраўдная святасць і дабрадзейнасць.

А якім убачыў Вечны горад сам Лютэр? Нажаль, рэфарматар не вёў дзённіку і не дасылаў ніякіх лістоў з Італіі ў Германію. Большасць яго ўражанняў ад Вечнага горада ўтрымліваецца ў зборніку “Застольныя гутаркі”. У ім, вучнямі Лютэра, былі запісаны тэксты яго разважанняў на розныя тэмы: пра жыццё, Касцёл, Біблію. Гэту крыніцу трэба аналізаваць з вялікай увагай таму што паміж падарожжам Лютэра ў Рым і “Застольнымі гутаркамі” прайшло 20-30 гадоў. Многія падзеі, пра якія казаў рэфарматар, да таго часу былі ім падзабытыя, некаторыя былі запісаны недакладна, іншыя інтэрпрэтаваліся аднабакова. Не выключана, што Лютэр дзяліўся сваімі “успамінамі”, каб падмацаваць свае ідэі і погляды.

Пра тое, што на самой справе адбывалася з Лютэрам паміж 1510 і 1511 гг. цяжка сказаць дакладна. Шукаць адказ на гэта пытанне ў яго успамінах, якімі ён дзяліўся падчас пасілкаў не мае сэнсу. Але можна быць упэўненымі, што Рым эпохі Адраджэння, з усімі яго маральнымі недасканаласцямі, не нанёс маладому законніку-ідэалісту такіх глыбокіх ран, якія маглі б падштурхнуць парваць адносіны з каталіцтвам.

Калі Лютэр вярнуўся ў Эрфурт, ён быў яшчэ дабрадзейным і верным аўгустыніянінам. Гэта пацвярджае шэраг сведчанняў, пакінутых ім самім.
У 1519 г., праз два гады пасля выдання сваіх знакамітых тэзісаў, Лютэр пісаў, што нягледзячы на законную крытыку Рыма, “не можа існаваць падстаў настолькі сур’ёзных, каб выклікаць адыход ці аддзяленне ад гэтага Касцёла”. Падобныя сцвярджэнні знаходзяцца ў яго каментары да Паслання да Галатаў – тым самым, у якім ён асуджаў гусітаў за іх разрыў з Рымскім Касцёлам.

У адным з казанняў 1516 г. ён тлумачыў: “Калі пайсці за ерэтыкамі, адзін з якіх сцвярджае, што яго вядзе Святы Дух, то было б столькі Цэркваў, колькі існуе кіраўнікоў. Таму Хрыстус захацеў, каб толькі адзін чалавек валодаў уладай. І умацаваў яго так, што ні сілы гэтага свету, ні сілы цемры нічога супраць яго зрабіць не змогуць”.

Яшчэ ў 1518 г. Лютэр пісаў папе Льву Х: “Свяцейшы Ойча, кладуся каля Вашых ног і давяраю Вам усё, чым з’яўляюся і што маю... Хачу прызнаць Ваш голас, як голас Хрыста, які пануе і прамаўляе ў Вас”.

І толькі праз год пасля гэтага яго рыторыка змянілася – ён стаў называць Рым – “распусніцай”, а Папу “антыхрыстам”. Але ж незадоўга да гэтага ён выбіраў зусім іншыя словы. Вера Лютэра і яго вернасць Папе не зніклі ад выгляду “амаральнага” Рыма, а першыя словы аб “вавілонскай распусніцы” адносяцца да 1519 г. Ці не больш правільна лічыць, што канчатковы разрыў Марціна Лютэра з Рымам справакаваў не Рым, а жорсткія ўнутраныя канфлікты ў ім самім?

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка паводле "L'Osservatore Romano"








All the contents on this site are copyrighted ©.