2013-08-06 13:28:06

Польскі пасол пры Святым Пасадзе: Францішак мае далёка ідучыя планы


RealAudioMP3 Не існуе ніякіх сумневаў, што папа Францішак мае далёка ідучыя планы рэфармавання Касцёла і прывядзення яго да новай рэальнасці, - сказаў у інтэрв’ю польскаму каталіцкаму агенцтву “КАІ” Пётр Навіна-Канопка, новы пасол Польшчы пры Святым Пасадзе. Паводле дыпламата, пантыфікат Францішка абяцае вясну Касцёла і новы этап у яго гісторыі. “Можа гэта будзе чарговы Сабор, можа іншы працэс”, - сказаў Навіна-Канопка. Тым не менш, на яго думку, сутнасць гэтых пераўтварэнняў будзе не нейкая “лібералізацыя”, а пастава, якая прынясе давер свету да Касцёла. “Я б рызыкнуў сказаць, што гэта будзе пастава міласэрнасці і салідарнасці”, - сказаў польскі дыпламат.

На яго думку, гаміліі Папы ў Доме св. Марты фарміруюцца крок за крокам у энцыкліку. Яна часам успрымаецца са змяшанымі пачуццямі, бо можа разбурыць існуючы парадак мыслення аб структуры Касцёла, ці нават аб адносінах паміж пастырамі і Божым народам, - сказаў пасол.

Дыпламат лічыць, што адным з рэцэптаў на набліжэнне Касцёла да свету з’яўляецца змена мовы камунікацыі. “Нешта важнае кажа нам тут мова папы Францішка. Яна нікому не наносіць ранаў, але ўсіх збліжае”, - адзначыў Навіна-Канопка. На яго думку, Касцёл, у прыватнасці ў Польшчы, быў больш эфектыўным, калі выкарыстоўваў бедныя сродкі. Менавіта тады фарміравалася вялікая сіла і пачуццё супольнасці, якіх сёння не хапае, лічыць дыпламат.

Пётр Навіна-Канопка прызнаўся, што з нагоды ўручэння даверчых грамат збіраецца падарыць папе Францішку іспанскае выданне кнігі “Этыка салідарнасці” вядомага польскага тэолага кс. Юзэфа Цішнэра.







All the contents on this site are copyrighted ©.