2013-08-06 12:06:27

Кракаўскі кардынал пра наступныя Сусветныя дні моладзі


RealAudioMP3 Сусветныя дні моладзі ў Кракаве стануць часам збліжэння, салідарнасці і прыхільнасці справе міру і братэрства ў свеце, сказаў кардынал Станіслаў Дзівіш, неўзабаве пасля свайго вяртання з Рыа-дэ-Жанейра, дзе было абвешчана аб правядзенні наступнага моладзевага форуму ў 2016 г. у Польшчы. Іерарх лічыць, што ўжо зараз трэба пачаць рыхтавацца да прыняцця маладых людзей з усяго свету. Пасля свайго прабывання ў Бразіліі кардынал Дзівіш перакананы што Сусветныя дні, гэта сустрэча моладзі на самым высокім узроўні – мастацкім, культурным і рэлігійным.

Арцыбіскуп Кракаўскі паінфармаваў, што ад яго імя за арганізацыю сусветнага форуму будзе адказваць біскуп Даміян Мускус, дапаможны біскуп кракаўскай архідыяцэзіі. Пакуль невядома месца правядзення мерапрыемства, але, улічваючы вялікую колькасць пілігрымаў, гэта не будуць ні Кракаўскія лугі (польск. Błonia krakowskie), ні касцёл Божай Міласэрнасці, але адмыслова падрыхтаванае на гэты выпадак месца ў ваколіцах Кракава. Невядомыя пакуль і дэталі візіту папы Францішка ў Польшчу.

Арцыбіскуп выказаў сваё захапленне пазітыўнай рэакцыяй мясцовых уладаў Кракава і Малапольскага ваяводства, якія ў Сусветных днях моладзі 2016 года ўбачылі магчымасць для прамоцыі горада і рэгіёна.

Кардынал Дзівіш таксама сказаў пра дату кананізацыі бл. Яна Паўла II. Па словах арцыбіскупа Кракаўскага найлепшай з’яўляецца вясна – Першая нядзеля пасля Вялікадня, 27 красавіка 2014 г, бо Святы Айцец быў Апосталам Божай Міласэрнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.